Читать «Варона» онлайн - страница 71

Васіль Ткачоў

– Няма Арцёма і сёння ў школе… Шкада, шкада… Лепш бы ўжо сядзеў ды галінкі лічыў…

Падняла руку дзяўчынка, суседка Арцёмкі па парце.

– Ну, што ты хацела, Міронава?

– Я ведаю, дзе Арцёмка... Ён… Ён…

– Што “ён”, Міронава? – затрымала позірк на дзяўчынцы настаўніца.

— Ён прасіў мяне, каб я нікому не казала, што бачыла яго… Вось што… Я дала яму слова маўчаць, і не стрымала, атрымліваецца… Даруй, Арцёмка!.. Але я нікому не скажу, дзе бачыла цябе… І што ты рабіў…

5.

У той дзень, калі Арцёмка забаўляўся са скрыльком каўбасы, ён вярнуўся дамоў позна. Дзе быў, што рабіў – пра гэта ў яго раней ніколі не пыталіся, а сёння, што здзівіла і хлопчыка, маці адразу ж пацікавілася:

–Дзе цябе насіла?

–А што?

–Дзядзька Коля хацеў з табой пагаварыць.

–Хай гаворыць…

–Чакаў, чакаў, і не дачакаўся.

–Важнае што?

–Ну, не ведаю…– маці паціснула плечуком, пэўны час памаўчала, а тады прамовіла так, нібы цадзіла тыя словы праз свае пярэднія шчарбатыя зубы. – І, наогул, я збіраюся за яго замуж…

Арцёмка падняў на маці сур’ёзны погляд:

–За каго?

–Ты што, глухі? За яго…

–Не, усё чую. Ты хочаш замуж…

–Правільна. Твая мама хоча…

Павісла паўза, і тут якраз дарэчы сталі словы, якія сказаў сын:

–А чаму… а чаму ў мяне няма дзеда, бабулі? Ва ўсіх ёсць, а ў мяне няма. Чым я горшы?

Маці не ведала, што адказаць Арцёмку. Ёсць і ў яго дзядуля з бабуляй, жывуць яны ў вёсцы, просяць, няго ж не, каб прывезла яна калі-небудзь ім унука, хоць бы паглядзець на яго, аднак – як, куды паедзеш? За што? Толькі ў апошні час яны нешта перасталі цікавіцца і ўнукам… Ды і калі б былі нават грошы, Арцёмква маці саромеецца нат у такім выглядзе, які мае яна сёння, паказвацца не толькі сваім бацькам, але і землякам. Бо ўсе яе сваякі думаюць, што іхняя Верка па-ранейшаму робіць на фабрыцы, жыве з тым жа прыгожым хлопцам, з якім і пабралася шлюбам.

Яна не паспела адказаць сыну – рыпнулі ўваходныя дзверы, і ў калідорчыку паказаўся бойфрэнд Калян з пакетам, а калі ён яшчэ загадаў, ледзьве пераступіўшы парог: “Вячэру ў студыю!”, адразу стала зразумела, што ён прынёс.

Засвяціўся твар і ў маці.

– А-а, з’явіўсяя не запыліўся! – бойфрэнд Калян падсеў да хлопчыка.– Паслухай, ёсць ідэя. Хочаш грошы мець?

– Хачу, – шморгнуў носам Арцёмка.

– Багата?

– Не ведаю…Я заўтра схаджу на аўтавакзал, і папытаю, колькі білет каштуе да дзядулі з бабуляй. Тады і скажу.

– Не ўздумай! – гнеўна паглядзела на Арцёмку маці.–Не мылься да іх!..

А бойфрэнд Калян працягваў сваё, яго мала цікавілі дзядулі і бабулі:

– Пасядзіш у падземным пераходзе, і будуць грошы. А? Я ж табе і кажу, хлопча: у мяне, па-сённяшняму, – каледж! Думаць трэба! Апранешся, абуешся, цацак накупляем табе. Хіба мала?

– Мне б толькі да дзядулі з бабуляй з’ездзіць, – прамумкаў Арцёмка.

Маці ажно войкнула і адвярнулася:

– Ты зноў за сваё?! І не ўздумай, шэльба малая!..

– Ён не паедзе ў тую забытую Богам і людзьмі вёску, трэба яна яму. Так ці не, Арцём?

І хоць хлопчык ніяк не адрэагаваў на гэтае пытанне, бойфрэнд Калян нахабна сказаў, не міргнуўшы і вокам:

– Ён, Вяруня, не паедзе. Ён паслухмяны хлопчык, а такія мне падабаюцца. – І павярнуўся да Арцёмкі. – Заўтра ранкам я адвяду цябе ў падземны пераход, пасядзіш з працягнутай рукой…