Читать «Варона» онлайн - страница 72

Васіль Ткачоў

Арцёмка запярэчыў:

– Мне ў школу трэба.

–Школа пачакае. А грошы могуць і не. Галоўнае – не спазніцца. Адным словам, вырашана. Раніца за вечар мудрэй, гвардзеец!..

А пазней набілася ў кватэрку столькі чалавек, што Арцёмку зрабілася цесна. “Хопіць цярпець!”– загадаў сама сабе хлопчык, і прагнаў ўсіх, хто сядзеў на ложку, а сам лёг, падклаў далоньку пад галаву, і неўзабаве ён бачыў сон… Прыгожы сон, вельмі!.. Нібы ён мае цэлы гараж машынак, і, рассеўшыся на чыстай падлозе, гуляе з імі. Толькі і чуваць: гыр-гыр-гыр!..

Калі сон скончыўся, Арцёмка зразумеў, што ў ложку ён не адзін, а тут яшчэ мама і яе бойфрэнд Калян, якому, зразумеў, не хапае на пасцелі месца і ён усяляк стараецца легчы зверху на маму, аднак у яго гэта не вельмі атрымліваецца: хоць у мамы і маленькі жывот, але ён усё роўна спаўзае з яе, нібы з горкі… Аднак бойфрэнд Калян чалавек вушлы, прайшоў, як сама казаў, агонь, ваду і медныя трубы, таму ўсяляк стараецца разлегчыся на маме, чаго б гэта яму не каштавала: ўчапіўся нават за яе валасы, а маці, відаць, так вельмі балюча – яна ажно стогне…

Назаўтра Арцёмка прыбег у бібліятэку №6, што побач з іх домам, і, павітаўшыся, папытаў:

– У вас ёсць часопісы з машынкамі?

Яму падалі цэлы стосік такіх часопісаў.

6.

Гэта добра, што бойфрэнд Калян праспаў, а то былі б часопісы. Вяртаючыся дадому, Арцёмка разважаў так:”Зараблю грошай на білет да дзядулі з бабуляй, наемся марожанага і накупляю сабе машынак. Ура!”

А потым яго сустрэла маці, пераапранула ў рыззе, паклікала бойфрэнда Каляна, які курыў на кухні:

– Мы гатовы!

Праз увесь горад ішлі пехам па вядомай прычыне.

– А назад, Арцём, прыкацім на таксі! А?– штурхаў таго ў бок бойфрэнд Калян і сам радаваўся, нібы дзіця.

На таксі? Ого, на таксі! Хлопчык ніводнага разу не ехаў на ім, таму дабаўляў кроку. Ну дзе ён, той падземны пераход, калі будзе? Дзядуля з бабуляй, марожанае, машынкі і таксі... Хутчэй бы! Як гэта было б цудоўна, каб усё спраўдзілася!..

Перш, чым пасадзіць Арцёмку каля сцяны на сярэдняй прыступцы, бойфрэнд Калян пачапіў яму на шыю кавалак кардонкі ад скрынкі, у якой прадаюць звычайна марожаную рыбу, на ёй было напісана:”Людзі добрыя, памажыце! Я цяжка хворы. На лячэнне патрэбны грошы. Дзякуй”.

Бойфрэнд Калян пахваліў сам сябе:

– Кардонку я прыдумаў у самы апошні час. Так што табе і гаварыць нічога не трэба. Сядзі і жаласліва толькі вачыма лыпай, корчы морду. Будзь артыстам, Арцём. У жыцці спатрэбіцца. Трэніруйся. Бачыш, і руку працягваць таксама не трэба… Шапка для чаго? Мух лавіць? Э-не, не думай, мы таксама можам шурупіць: у маёй галаве не абы што, а сам каледж!.. То-та ж!.. Займай сваё месца, а я тым часам адлучуся – каб вочы не мазоліць. Ага, пачакай! Забыўся сказаць. Як толькі ў шапцы засвецяцца дзяржзнакі, хутчэй засоўвай у адну і тую ж кішэнь. Так надзейней будзе. Каб я не аблапваў цябе ўсяго. Але на дне ў шапцы пакідай – для прыманкі. Ну, працуй!..

Арцёмка застаўся адзін. На вочы, каб не сустракацца з людзьмі, якія шнуравалі уверх-уніз па даволі крутых прыступках, ён насунуў старэнькую зашмальцаваную бейсболку, і таму бачыў толькі ногі праходжых. Абутак вабіў яго. Прыгожы, у асноўным імпартны. “Мне б такі”. Арцёмка паглядзеў на свае чаравікі, яны былі не толькі аблупленыя, але і прасілі кашы, таму ён спярша падкурчыў ногі, схаваў іх, каб людзі не бачылі, у што абуты, а тады толькі ўспомніў, для чаго тут сядзіць, і зноў выставіў напаказ чаравікі.