Читать «Варона» онлайн - страница 67

Васіль Ткачоў

– Не маглі раней прыехаць, – тлумачыць Пятро і глядзіць на скрутачак. – Зінка дачку нарадзіла. Таму ў горадзе пажылі крыху, як мяне камісавалі, у яе маці. Так што не крыўдуй за затрымку – такая сітуацыя, што не атрымлівалася. І раджаць трэба, і ехаць да цябе – у адзін час усё... супала так.

– Ты думаеш, я тут прапаў бы, – дзед Грышка казырыцца, паказвае вачыма на нас. – Хлапцы вось, калі трэба, і вады прынясуць, і торфам забяспечылі. І так пасядзяць у хаце са мной. Пра жыццё пагамонім. А як жа. Іншы раз папрашу, каб і пісьмо ад цябе прачы-талі. Прачытаюць. Па першаму закліку.

Я спалохаўся: а калі ён успомніць яшчэ пра запалкі? Во будзе сарамацця перад салдатам – на ўвесь белы свет. Але добра, што дзед Грыш-ка прамаўчаў. Ці ў яго памяці няма, ці не пажадаў нас выдаваць. Хоць, калі разабрацца, мы ж для яго стараліся. Адным словам, малайчына.

Пятро ж пахваліў нас, а тады пачаставаў цукеркамі і даў па камяку цукру. Цукеркі мы з’елі адразу, а цукар рашылі аднесці дамоў – будзе цяпер з чым чай піць. Калі патрохі адкусваць – надоўга хопіць.

І яшчэ Пятро даў нам вялікую бліскучую капейку, на якую, сказаў, што хочаце, тое і бярыце ў краме.

Неўзабаве ў хату набілася багата людзей. Лізавета, канешне ж, першая прыбегла, за ёй Варка, а тады прыйшлі і мужчыны, сярод іх быў Тамаш. Ён абняў Пятра і заплакаў. Нічога не сказаў. А Лізавета прыгадала бабку Антосю і пашкадавала, што тая не дажыла да гэтага шчаслівага дня. Во рада была б. Мы гэта і самі ведаем. Але гаворыць, і няхай гаворыць. Нешта ж трэба, мусіць, ім і гаварыць, цёткам ды дзядзькам. Не ўвесь жа час плакаць. Хопіць, наплакаліся.

Увечар на Грышкавай прызбе зноў граў гармонік, а нас не выганіш з хаты. На прызбе нам не было сёння чаго рабіць: мы важна сядзелі за сталом нароўні з дарослымі, нават бліжэй, чым хто, да дзеда Грышкі і Пятра, і слухалі розныя байкі пра вайну. Я толькі разы два паказаўся на танцульках – няхай бачаць, дзе мы з Петрыкам. І заслужана. Як летась торф заносіць у хлеў дзеда Грышкі ахвотнікаў не было, то няхай цяпер хоць паглядзяць, што з гэтага атрымалася. Надзейка таксама дапамагала, аднак яна не пойдзе ў хату. Сарамлівая. Яе справа. А на мяне ўсё ж паглядае. Крадком. А потым адразу хавае вочы. Зайздросціць, каму тут не зразумела. Мне і Петрыку сёння ўсе зайздросцяць. І чакаюць, калі мы нарэшце назусім, а не будзем шмыгаць туды-сюды, выйдзем на прызбу, бо без нас і танцы не танцы. Цяпер, калі паехаў у Ленінград Саныч, пабралі вучыцца на рабочых некаторых нашых хлопцаў, быццам будуць касілкі рабіць на заводзе ў Гомелі, то мы тут галоўныя танцоры.

Танцулькі пачакаюць. Трэба пасядзць за сталом і паслухаць, што будзе ў нашай Сасноўцы заўтра і паслязаўтра, калі вернецца дзядзька Мікіта і прывязуць на кані Кастуся з бальніцы. За Кастусём мы таксама паедзем. Абавязкова. Не прапусціць бы.

Заадно і ў сталоўцы падсілкуемся. Ніколі не елі мы ў гарадской сталоўцы, а там, кажуць, смачнае падаюць. Каша – пальчыкі абліжаш. Нават катлеты і смажа-ныя кілбаскі ёсць.

Папытайце, калі не верыце, у дзеда Грышкі. Ён, калі быў мала-дзейшым, часта бегаў у мястэчка – баба Антося думала, што ён знайшоў для сябе там новую цётку, а дзед – ныр у сталоўку. Сам расказваў. Праўда, браў і куфаль піва.