Читать «Варона» онлайн - страница 66

Васіль Ткачоў

І не толькі, відаць, мне...

Там жа, у мястэчку, мы даведаліся, што фашысцкая Германія разбіта. Нарэшце Перамога! Дзядзька Хвядос прытуліў мяне з Петры-кам да сябе і ціха, вельмі ціха прамовіў:

– Вось так, хлопцы… Вось так…

Што ён гэтым хацеў сказаць, я ведаў: і парадавацца ёсць нагода, і пабедаваць – таксама. Усім нам траім…

А мне так хацелася, каб сёння побач з намі былі мае мама і тата, Сцяпан дзядзькі Хвядоса... І многія іншыя землякі, якіх, ведаў – не маленькі, – ніколі ўжо не ўбачу.

І калі мне выцер слёзы дзядзька Хвядос, я пастараўся ўсміх-нуцца яму…

21. ДВА ТРАФЕІ

Дзед Грышка зімаваў адзін. А ў сярэдзіне мая, калі ён збіваў у канцы агарода сваёй старэнькай касой пустазелле, каля нашай хаты і з’явіўся ягоны сын Пятро. У такой жа форме, у якой прыйшоў тады з вайны дзядзька Хвядос, у адной руцэ ён трымаў туга набіты рэчавы мяшок, а ў другой пісклявы зграбны скрутачак – нёс дзіця. Дзед Грышка ўжо даўно хваліўся: «Мой Пецька без трафею дамой не вернецца. Ён такі. Разумець трэба». Вось мы з Петрыкам і разумеем: маленькая і худзенькая жанчына, што ідзе побач з Пятром і раз-пораз заглядвае, не прыпыняючы хады, у той скрутачак, нешта папраўляе там і гаворыць немаўляці, – гэта асноўны трафей. А што ў скрутку пісклявае – другі. Так што дзед Грышка пралічыўся – не з адным трафеем вяртаецца з вайны сын, а з двума. І мы, толькі ўбачыўшы Пятра і ягоныя трафеі, шуганулі напрасткі праз агароды, каб паведаміць старому, што нарэшце ён дачакаўся, каго чакаў. Дзед Грышка выслухаў нас, а тады спакойна, нібыта кожны дзень такое бывае ў яго, сказаў, уторкнуўшы з усяго размаху кассё ў дол:

– І дакасіць не дадуць, чэрці!..

А сам, забыўшыся пра нас, похапкам пачыкільгаў на свой двор, забег у хату і пачаў расстаўляць табурэткі, хоць тыя стаялі, а не ляжалі, змахнуў хлебныя крошкі са стала ў шурпатую жменю і адразу ж пракаўтнуў іх, а тады паглядзеў на нас і гыркнуў:

– А вы чаго раты паразяўлялі і не дапамагаеце? Варушыцеся, жэўжыкі!..

А што яму дапамагаць – не кажа: зусім прапалі словы ў старога. Анямеў ад навіны. Ды і позна дапамагаць: Пятро з трафеямі ўжо на двары, праплыў перад акном. Дзед Грышка выпраміўся перад сынам, не дыхае і вокам не міргне. А Пятро грымнуў на ўсю хату:

– Бацька-а!

Паклаў скрутачак на ложак і згроб дзеда Грышку, заціснуў у аб-дымках, і на вачах абодвух мы бачым слёзы. Наглядзеліся мы слёз, гэтым нас не здзівіш.

– Вярнуўся, бацька...

– Касіў я... каса там... хлапцы, прынясіце... ага... – шаптаў дзед Грышка і шморгаў носам. – Пустазелле лезе на агарод, каб яго пранцы... Ну дык што ж мы стаім? Знаём з Зінкай.

Можна падумаць, што мы адразу ж і кінуліся за касой. Каму яна трэба сёння, каса тая? Не кожны дзень з вайны прыходзяць землякі, і нам карціць паглядзець на ордэны і медалі, што трэнькаюць на грудзях Пятра. Не менш – і на Зінку, пра якую дзед Грышка вушы ўсім пратрубіў. Дробненькая, нібы дзяўчо. Надзейка і тое вышэйшая. Але больш за ўсё нам хочацца зазірнуць у той скрутачак, які ў хаце супакоіўся, маўчыць і толькі зрэдчас варушыцца.