Читать «Варона» онлайн - страница 65

Васіль Ткачоў

– Малайчына, што здагадаўся... Калі б яшчэ колькі хвілін, казаў доктар, то, магчыма, не было б Кастуся. Добра, што ты не дамоў яго, а адразу ў бальніцу... Кемлівы, аднак. Хвалю. Ну, а цяпер раскажы ўсё, як было.

А што тут расказваць? Секануў Кастусь па кусту сякерай з усяго размаху – і грымнуў выбух, скалануў наваколле...

– Значыць, міна... – здагадаўся дзядзька Хвядос. – Наша ці нямецкая – цяпер ужо ўсё роўна, аднак танкіста шкада: на вайне ўцалеў, а дома, у мірны час, не ўбярогся. Лёс такі, значыць, у чалавека. Знявечыла хлапца міна. Жывот распарола. Пальцы на назе паадрывала. Твар пакрэмзала. Але жыць будзе.

А неўзабаве Раіса сказала, што ўчора хадзіла да Кастуся і ён перадае мне прывітанне. Выкарабкаўся, адкараскаўся ад смерці. Жывучы Кастусь, нічога не скажаш, бо як успомню, які ён быў адразу пасля выбуху – мне і сёння робіцца жудасна і застаецца толькі здзіўляцца, што дактары змаглі выратаваць яго. А калі ён такі жывучы, то і доб-ра: будзе і ў нашай Сасноўцы свой гарманіст, не горшы за ісканскага Аркашку. Абяцаў жа граць на Грышкавай прызбе. «Вось толькі Сцёпка падрасце!»

Можа, і мне збегаць да яго? З Петрыкам? Танкісту весялей будзе. Лекі лекамі, але і мы нешта значым. Дзядзька Хвядос даведаўся, што мы пойдзем праведаць Кастуся, і таксама ўвязаўся за намі. Яшчэ і напомніў:

– Не забудзьце ж, жэўжыкі, пра мяне.

– Не забудзем, – паабяцаў я, а самому радасна зрабілася: яшчэ больш абрадуецца, канешне ж, танкіст, калі ўсіх нас убачыць.

Дзед Грышка пашкадаваў, што не даклыпае да бальніцы, і перадаў прывітанне.

Без дзеда Грышкі ў нашай Сасноўцы, здаецца, нічога не бывае.

Доктар дазволіў прайсці ў палату. Кастусь, як толькі ўбачыў нас, пастараўся ўсміхнуцца:

– Прывітанне, пяхота...

Каб ён не нагадаў нам пра пяхоту, я б ні за што не паверыў, што пад бялюткай коўдрай ляжыць танкіст. Уся галава забінтавана, толькі вочы ды рот...

Не адразу адказаў на прывітанне яму і дзядзька Хвядос – таксама, відаць, думаў: Кастусь гэта ці хто?

Праклятая міна!

А мне яшчэ падумалася, толькі я пра гэта нікому не сказаў: за такога Кастуся, які ляжаў на бальнічным ложку, Раіса ніколі б замуж не пайшла.

Ад гэтага мне яшчэ больш зрабілася яго шкада.