Читать «Варона» онлайн - страница 64

Васіль Ткачоў

20. ПРЫВІТАННЕ, ПЯХОТА!..

Кастусь жыў шумна, навідавоку. Калі ён каго клікаў, то далёка было чуваць: яго голас каціўся рэхам, як хваля. Калі смяяўся – таксама роўных не было. І борацца мастак. Мікіта казаў, каб быў ён маладзейшым, то паклаў бы яго на лапаткі. А так – даруйце: не той узрост. Калі Кастусь рабіў нешта – паспрабуй паспей за ім. І ўсюды з жартамі, прыпеўкамі. Ведама ж, гарманіст. Я разумеў, што вясковыя жанчыны зайздросцілі Раісе, хіба ж не відаць. Заставалася радавацца за яе і мне. А маленькі Сцяпанка яшчэ ляжыць у люльцы і толькі лыпае вачыма, а мне нават адзін раз усміхнуўся і памахаў маленькай рукой, нібыта павітаўся. Я забег да цёткі Раісы, калі, вядома ж, не было ў хаце танкіста. Захацелася маленькага Сцёпку пабачыць. Не ведаю, чаму, але ў нас з танкістам па-ранейшаму не было дружбы, і я стараўся менш сутыкацца з ім твар у твар: калі ўзяў Раісу ў жонкі, то хай асабліва не зазнаецца. Гэта яму пашанцавала, што я пазней нарадзіўся, а то б яшчэ паглядзелі, хто каго. Што тут незразумелага!

А неяк Раіса папрасіла мяне, каб я з’ездзіў з Кастусём у лес і дапамог яму прывезці дроў, бо не хапіла, не разлічылі крыху. Яшчэ і папытала, строга так і нават, як падалося мне, крыху здзекліва, ці што: «Зможаш? Ці дзядзька Хвядос не адпусціць?» Гэта толькі жанчына і можа апусціцца да такога, каб папытаць, адпусціць мяне ў лес дзядзька Хвядос ці не. Ды яшчэ цётка Матруна. Тая дык і зусім кроку не дае ступіць самастойна. Два боты – пара. А хто яму, калі на тое пайшло, дзядзьку Хвядосу, у лесе цэлы арсенал зброі пера-даў? Не сам жа з неба той зваліўся. А калі мы зброю шукалі, то мяне з Петрыкам ніхто за руку не вадзіў. Трэба ж дадумацца: а ці адпусціць дзядзька! Ды яшчэ з танкістам, які мне і нялюбы чамусьці... ды вядома ж – чаму. І я паабяцаў Раісе, што дапамагу прывезці дроў, каб было чым паліць у печы і гатаваць Сцяпанку ежу, яна падзякавала, а назаўтра за мной заехаў Кастусь на калёсах, паляпаў у шыбу:

– Пад’ём, пяхота!

Калі ўжо сам танкіст, то ўсе астатнія для яго, бач ты, пяхота. Гэта мы яшчэ паглядзім. Можа, мяне і зусім на флот возьмуць служыць. Ці ў лётчыкі. Ды і мог бы не ляпаць у шыбу, бо калёсы так тарахцелі, што толькі глухі не здагадаецца, хто сядзіць на іх і паганяе каня. Танкіст, канешне ж! Ён танк, не інакш, пераблытаў з калёсамі.

Пакуль ехалі, Кастусь мумкаў пад нос франтавыя песні і хваліўся,як падбіў варожы танк, а каб не быў кантужаны, то было б тое самае і з іншымі танкамі, што трапляліся б на яго баявым шляху. Вось так. Ні больш ні менш.

– Я механік-вадзіцель, Колька! Гэта табе не абы-хто, а другі чалавек у экіпажы, пасля камандзіра.

Забыў папытаць я ў яго, колькі чалавек усяго ў тым танку экіпаж, мо тры, то няхітра другім быць, і я б змог. Хацеў зрабіць гэта пазней, калі будзем вяртацца назад з дрывамі. Аднак тое, што адбылося на балоце, перавярнула ўсё ўверх дагары нагамі, і, падалося, на зямлю ўпала неба... знянацку і раптоўна абрынулася, я адзічэла крычаў, бе-гаў вакол Кастуся і не ведаў, што мне рабіць. Ён неяк дзіўна глядзеў на мяне, быў увесь у крыві, твар і адзенне пасечаны асколкамі, гля-дзеў і скрывіўся не тое ад болю, не тое ад таго, што не мог і сам зразумець, што з ім адбылося. І быццам пытаўся ў мяне: Колька, дык што гэта? А з жывата вываліся вантробы, і як гэта я раней не ўбачыў, ляжаць у яго на каленях і пара з іх ідзе... як дым. Я ўтаптаў, не помню як, вантробы назад і дапамог нарэшце беднаму танкісту ўзабрацца на калёсы, легчы, і так паганяў каня шпарка, з усіх капытоў, што той неўзабаве стаў мокры – бы ў лазні пабываў... Але паехаў я не ў вёску, а ў мястэчка – у бальніцу. І як дадумаўся да такога, і сам не магу зразумець. Потым дзядзька Хвядос пахваліў мяне: