Читать «Варона» онлайн - страница 63

Васіль Ткачоў

– У нас тут ні радзіваў... – завёў ён сваю старую пласцінку.

Аднак яго абарваў адразу ж дзядзька Хвядос:

– Чаму ж, радыё ёсць. У новага настаўніка. На батарэйках.

– З ім я яшчэ дружбы не завёў, – не пагадзіўся Тамаш. – Гусь свінні не таварыш. У яго сваё вяселле, у нас сваё. Дык я і кажу: у нас тут ні радзіваў, ні газетаў...

– І газеты выпісваем... Мікітаву «Звязду» мне паштарка аддае. Можаце браць, чытаць.

– Можна падумаць, што я чытаць умею? Без акуляраў.

Нарэшце далі слова Гіршу Моцкіну, і ён расказваў, што новага ў Журавічах.

– Якаў Струкаў паехаў у Ленінград, дзе ў яго была да вайны кварцера. Прыехаў, а там ужо новыя людзі жывуць. Пахадзіў-пахадзіў ён па горадзе, ды ні з чым і вярнуўся да мацеры. Чужым стаў для яго Ленінград. Цяпер жыве не ў гарадской кварцеры, дзе круць-верць – і вада пацякла з кранціка, а ў такой, як і дурны Гірша Моцкін.

Калі ён загаварыў пра Ленінград, я ўспомніў Саныча, які ўжо паехаў дадому і сказаў неяк нам з Петрыкам, каб прыязджалі, толькі прасіў напісаць, і ён тады сустрэне на вакзале і дапаможа паступіць у любую школу фабрычна-заводскага навучання. Пакінуў і адрас. Аднак пакуль яшчэ ехаць, трэба не адзін пуд солі з’есці. А каб не гэты пуд, мы б хоць і сёння.

– Натансона які сабака не ведаў, не кажучы ўжо пра нас, людзей, – працягваў далей Гірша Моцкін. – Боты шыў лепш, чым у Крамлі для Сталіна... Прабач, госпадзі, дурному Моцкіну, не хацеў я ўспамінаць Крэмль і Сталіна, але што ты возьмеш з дурнога Моцкіна, акрамя аналізаў? То сын яго, Барыс, у Амерыцы жыве. Яго тады людзі схавалі, калі яўрэяў немец расстрэльваў у сасонніку. Мог бы і Натансон уцалець, каб уцёк, як уцёк я. Не, кажа, не можа быць, каб нас немец неўзлюбіў, мы ж яму нічога не зрабілі кепскага. А калі надумаўся бегчы, то было ўжо позна.

– Гады! – сказаў нехта.

– Не курыце, людзі добрыя, а то ў Гіршы Моцкіна ўсе лёгкія ат-ручаны каніфолем і кузняй, далібог.

Глядзі ты, паслухаліся. Нават Тамаш, на што ўжо неслух, і той прыдавіў у гільзе з-пад зенітнага снарада акурак. Праўда ж: не прадыхнуць. У Гіршы Моцкіна такія фокусы не пройдуць. А то ж: расказвай ім, твары добрае, і за гэта яшчэ нюхай смярдзючы самасад. Не, не атрымаецца.

– Якраз Восіпу пашыў ён боты. Ведаеце Восіпа. Той і кажа: колькі табе, Натансон, за работу грошай? Гавары, не саромся. За такія боты не шкада. А Натансон і слязы нават не ўраніў, такі мужны чалавек быў, і адказвае: грошай мне, брат Восіп, не трэба тваіх аніякіх, а калі нашу сям’ю немец расстраляе, то закапаеш... і будзем у разліку. Такая мая просьба. І неўзабаве Восіп выканаў просьбу беднага Натансона. Дзе цяпер яго душа, гаротніка? І няхай хто паспрабуе пашыць лепшыя боты, чым шыў іх бедны Натансон. Няма такога ўмельца. І няскора будзе.

– Няма, гэта ты, Гірша, праўду кажаш, – пагадзіўся Тамаш.

У тую ноч я доўга не мог заснуць. Чамусьці думалася і думалася пра Натансона, які шыў цудоўныя боты, і хоць ніводнага разу я не бачыў яго, аднак перад вачыма стаяў такі ж зарослы шчэццем яўрэй, як Гірша Моцкін, толькі без сажы на лбе і вушах, бо ён, відаць, не быў жартаўніком і не званіў сваёй жонцы ў комін...