Читать «Варона» онлайн - страница 62

Васіль Ткачоў

Абедаў Гірша Моцкін у нас. Са свайго вузельчыка выклаў на стол кавалак кілбаскі, крышачку большы кавалачак хлеба з той жа торбачкі, а за боршч, які наліў яму ў міску дзядзька Хвядос, падзякаваў:

– А то гарачага рэдка ем. Не ўдаецца. Ваўка ногі кормяць. Работа такая, брат Хвядос. Ну, а ты скажы мне, хто яшчэ можа так працаваць, не ведаючы дня і ночы, акрамя дурнога Гіршы? Толькі Гірша Моцкін, толькі ён! І мне гэта трэба? Мог бы жыць спакойна, у вус не дзьмуць пры маіх патрэбах, не п’ю і не куру, а я во па вёсках, гала-ву задраўшы, коўзаюся. Цяпер, праўда, веласіпед, то лягчэй.

– І ты сапраўды яго выйграў, Гірша? – улучыўшы момант, папытаў дзядзька Хвядос. – А то людзі тут гавораць такое...

– Людзі табе, брат Хвядос, праўду гавораць пра Гіршу Моцкіна. Вер людзям, і ты не будзеш мець ніякіх клопатаў. А гэта мне Бог паслаў той веласіпед, дурному Гіршу Моцкіну, каб рабіў, як вол, за капейкі, на якія я не магу з’ездзіць да брата Яшкі ў Рыгу. О, Рыга! Ты быў, Хвядос, у Рызе?

– Не, не давялося.

– І я не быў. І вось я катаюся цяпер на веласіпедзе. Не сядзіцца мне каля сваёй Бэлы, дурному Моцкіну, дык я шаркаю напілкам ды посуд рамантую. А за кузню, брат Хвядос, дзякуй. Не трэба мне цягнуць у Журавічы нічога, а гэта ж вага, я табе скажу – не жартачкі, калі ўсё на руль павесіць сваё хадзяйства, тады цягне лісапед мой у адзін бок, хоць ты што яму. То ў кузні і папрацую. І за тое, што на начлег пусціў мяне, брат Хвядос, дзякуй табе не толькі ад мяне, але і ад маёй Бэлы.

Як гэта яго Бэла паспела перадаць тое «дзякуй», калі яна яшчэ нічога і не ведае пра ўсё, аб чым гаварылі за сталом дзядзька Хвядосі Гірша Моцкін?.. «А начуй у мяне, каб дамоў не ездзіць, бо паспе-еш больш зрабіць: не трэба час на дарогу траціць», – сказаў вось толькі што яму дзядзька Хвядос. І адразу ж – «дзякуй» табе ад маёй Бэлы. На хаду хлусіць, і вокам не міргне!

А потым Гірша паглядзеў на мяне і папытаў:

– Паказвай, дзе ў вас тут комін?

– Вэн, – кіўнуў я.

– Вэн, – перадражніў мяне Гірша.

– А нашто ён вам?

– Буду званіць у Журавічы сваёй Бэле, каб не хвалявалася. Каб не шукала дурнога Гіршу Моцкіна. А ты што, не ведаеш, як у комін можна званіць?

– Не-а,– шчыра прызнаўся я і адразу зразумеў, што дарэмна прызнаўся, бо ён хутчэй за ўсё жартуе, а што гэта так, я здагадаўся па тым, як усміхнуўся дзядзька Хвядос.

Гірша ж падышоў да печы, задраў галаву ў комін і загаварыў, ні-бы ў нейкую бочку:

– Ты чуеш мяне там, Бэла? Яна чуе, яна ў мяне баба разумная, хоць і з Гіршам Моцкіным жыве. Сёння на мяне вячэру не рыхтуй, я буду ў Сасноўцы ў добрых людзей. Як зразумела? Выдатна. Тады да сустрэчы! Твой дурны Моцкін.

Гірша Моцкін паказаў нам свой твар, і я пырскнуў смехам: ён выпацкаў лоб і вушы, быў падобны на чорта, якога малююць у кніжках, але калі заўсміхаўся, то і нічога быццам, ідзе яму такі выгляд: рабочы чалавек – нічога не скажаш. Дзядзька Хвядос усё ж падказаў Гіршу, каб памыўся.

Даведаўшыся, што ў нас будзе начаваць Гірша Моцкін, вечарам у хату набілася шмат вяскоўцаў. Як жа ўпусціць такі момант – чалавек з мястэчка, ды не абы-хто, а сам Гірша, пра якога не ведае толькі той, хто яшчэ не нарадзіўся. І не скарыстаць такую магчымасць – вялікі грэх. Нават Тамаш прытупаў.