Читать «Варона» онлайн - страница 61

Васіль Ткачоў

Я тупаў дахаты і думаў: як там Мікіта? Што ён робіць у турме? Яго, відаць, і кормяць там абы-чым. Дзед жа Грышка ўсё ведае: «Салому даюць, а як вы думалі. Не булкі ж!» Як гэта – чалавеку есці салому, я не мог нават уявіць. Ды і дзе яны той саломы набяруцца на ўсіх, каго варанкі забіраюць? Не толькі ж у нас яны паездзілі, і ў суседніх вёсках пашасталі – каля кузні наслухаўся, то ведаю.

Увечар, як класціся спаць, дзядзька Хвядос сказаў:

– Адпусцяць Мікіту. Калі такога чалавека трымаць за кратамі, то хто ж аднаўляць краіну будзе? Вунь работы колькі! Гарады ў руі-нах ляжаць...

Ён на хвіліну замоўк, уздыхнуў і паглядзеў прама мне ў вочы:

– А можа яны, Колька, такіх людзей і забіраюць з вёсак, каб краіну аднаўляць? Га? Каб гарады, што ў руінах?.. Калгасы бабы выцягнуць. Гарады трэба ў першую чаргу... Можа такое быць, Колька? Бясплат-на ж. За пахлёбку.

– Не ведаю, – паціснуў я плячыма і паабяцаў папытаць заўтра на ўроку ў школе: настаўніца ж чытае газету і кніжкі.

Аднак дзядзька Хвядос мне запярэчыў:

– Не трэба. Пра гэта – не трэба. Ні-ні. Жыццё пакажа. Аднак я думаю, што Мікіта ўсё ж вернецца. Быць не павінна, каб не вярнуўся. Там разбяруцца...

Мне таксама вельмі хацелася, каб ён вярнуўся і каб можна было хутчэй паляцець у кузню і любавацца не толькі снапамі іскрынак, якімі дыхае горан, але і назіраць, як прама пры табе выкоўвае нешта мудрагелістае дзядзька – бы ў казцы нейкай...

Вяртайся хутчэй, дзядзька Мікіта!

19. ГІРША ПРЫЕХАЎ

Гірша Моцкін – маленькі, худы яўрэй з Журавіч, няголены, таму на ягоным твары маршчыны бачны толькі на лбе. Ён прыехаў на веласіпедзе, які выйграў па латарэйнаму білету. Пра той выйгрыш усюды, куды ні зойдзеш, ходзяць размовы і выклікаюць смех. Нібыта ездзіў Моцкін у горад, каб купіць каніфолі, волава, напільнік новы і яшчэ нешта, а на базары яму прыспічыла. Калі прыспічыць, то вядома, куды бягуць людзі. І вось там, у прыбіральні, Гірша ўбачыў той латарэйны білет, які скарыстаў нейкі недарэка раней, чым яго праверыў... А Гірша Моцкін не быў бы Гіршам Моцкіным, каб даў дабру прапасці. Та-му латарэя ляжала неўзабаве ў яго дома, а калі на раённую бібліятэку ці куды там прыйшла газета з табліцай розыгрышу, то на той туалет-ны білет і выпаў веласіпед. Пра гэты выйгрыш ведалі ўсе, ад мала да вяліка, бо ўладальнік такога шыкоўнага ровара і не ўтойваў, якім чынам той аказаўся ў яго.

Прыйсці паглядзець на веласіпед прыклыпаў нават дзед Грышка. Ацаніў.

– У мяне, мусіць, ногі кароткія, а то б дастаў да педалёў, – сказаў ён, як заўсёды перад гэтым паправіўшы на галаве сваю шапку-аблавушку. – Хаця і рэч добрая, а на калёсах лепей ехаць: круціць педалямі не трэба, асабліва, калі дыхалка слабая, – як у мяне. Сядзі сабе ды едзь. Хочаш, можаш варон лічыць. Цікава пасачыць, як Гірша Моцкін паедзе? Ці ўмее, анціхрыст? Мне здаецца, ён яго коціць, побач ідзе, а за руль трымаецца для праформы... быццам ехаў-ехаў – ды толькі што злез. Хоць сярпы зубрыць спраўна. А навесці серп складаней, чым педалі круціць, тым больш такому дохламу, як ён.