Читать «Варона» онлайн - страница 60

Васіль Ткачоў

– Іду, іду! – крэкча дзед Грышка і спаўзае на падлогу.

Не, каб папытаць, чаму так рана, што прывяло, а ён скардзіцца, што зноў лапухі трэба збіраць: занядужаў, з нагамі бяда. Аднак калі мы яму расказалі пра Мікіту, ён адразу ж забыўся пра свае балячкі, глядзіць на нас шырокімі вачыма і слова вымавіць не можа. Падалося, што страціў прытомнасць. Ажно не – глыбока ўздыхнуў і адразу ж выдыхнуў:

– Не можа быць, каб Мікіту?

Можа. Мы што, хлусіць будзем? Вельмі трэба.

– І не выручыш, калі варанок забраў. Гэта вам не хухры-мухры – варанок.

Вось ад яго мы і даведаліся, што гэта такое.

– Машына чорная, як сажа, мусіць... Я, праўда, яе не бачыў...

Петрык хмыкнуў:

– Не бачыў, а нам расказваеш.

Дзед Грышка запярэчыў:

– Ты, Пецька, не яршыся. Я і Леніна не бачыў, і Сталіна, а расказаць пра іх табе што хочаш раскажу. Бочку арыштантаў ажно.

Пра Сталіна лепш, дзед Грышка, не трэба. Адзін ужо расказаў, то цяпер ты нам расказваеш пра машыну, якая – варанок. Ну, ну, далей.

– Там адно акенца, і тое кратамі перакрыжавана. Во як. Не ўцячэш. А ў кабінцы, пытаецеся? У кабінцы не, не павінна быць там кратаў...

На тым і развіталіся.

Уся наша вёска неўзабаве ведала, што забралі ноччу Мікіту, і людзі прыходзілі да кузні, нібы на свае вочы хацелі ўпэўніцца, што не хлусня пачутае, і вельмі бедавалі, што ўсё было праўдай.

Тамаш, як заўсёды, не мог утаймавацца:

– Ты чаго гэта на мяне так глядзіш, Хвядос, як Ленін на буржуазію? Думаеш, мая работа? Не, не касавурся: мне Мікіта дарогі не перабег.

Лізавета выказала сваё меркаванне:

– Але ж нехта паклёп адправіў на Мікіту! Хто? Што гэта я пытаюся, дурная? Хапіла ж розуму папытаць. Ніхто ж не прызнаецца, хоць і нашкодзіў.

– А ты, Лізка, паварушы сваімі звілінамі, калі такая разумная! – паглядзеў на Лізку, а потым на кожнага, хто прытупаў да кузні, Тамаш. – Не здагадваешся, пра што я?

– Не. Адкуль мне, бабе?..

– То я напраўлю думкі... Дзе прымак твой? Уцёк?

Лізка, пачуўшы пра прымака, зарагатала:

– Ці бачыў ён Мікіту твайго хоць у вочы? Скажаш, Тамаш! Прымаку адно трэба было... І гуляй, Лізавета! Мой прымак адну і тую ж кашу есці не прывык. Так што на прымака не зварочвай. Час будзе, Тамаш, і ўсё высветліцца.

– Гляньце, і яна, Лізавета, глядзіць на мяне так, як і Хвядос! Цьфу! – Тамаш плюнуў і пайшоў ад кузні, а траха пратупаўшы, павяр-нуўся і гучна сказаў: – Біце вошы на сваёй спіне, разумнікі! Во так!..

Як біць тыя вошы, ён не растлумачыў, і як можна было іх церабіць на сваёй спіне самому – таксама. Глупствы Тамашовы. Не атрымаецца на сваёй спіне... Ніяк. А ўслед за Тамашом і астатнія пачалі разыходзіцца.