Читать «Варона» онлайн - страница 59

Васіль Ткачоў

Бывае.

18. ВЯРТАЙСЯ, ДЗЯДЗЬКА МІКІТА!

«Мікіту забралі! Ноччу!» – ледзь толькі прадраў я вочы, калі пачуў, як нехта гаварыў у нашай хаце. «Мікіту забралі... Мікіту забралі...» Прыслухаўся да голасу, а не магу зразумець, хто гэта так рана завітаў. Пасядзеў трохі на ложку – здаецца, нарэшце прачнуўся. Патупаў у першую хату, і ўбачыў за сталом дзядзьку Хвядоса з Кастусём. Гэ-та ён, танкіст, напіўся халоднай вады з крыніцы і асіп, таму я адразу і не пазнаў яго – голас такі, нібы на ягонай шыі вузел завязалі вяроўкай. Я сеў каля іх. Пазяхнуў. Дарослым было не да мяне.

– Каго цяпер у кузню паставім? – паглядзеў на Кастуся дзядзька Хвядос. – Там жа абы-хто не справіцца – майстрам трэба быць, як Мікіта. Падкову выкаваць ці той жа вухналь мог толькі ён. І плужок зрабіць – таксама. Бяда-а-а...

– Хоць Гіршу Моцкіна прасі? – цяпер ужо Кастусь глядзіць на дзядзьку Хвядоса, чакае, як ён ацэніць яго падказку.

– Гірша не пагодзіцца, – не адразу круціць той галавою.

– Чаму?

– У яго свой заробак. Сярпы, нажы вастрыць. А ў кузні, брат, сіла трэба. Ды і хадзіць яму за чатыры вярсты кожны дзень цяжкавата будзе. Гірша ўжо стары чалавек.

Мужчыны яшчэ пэўны час думаюць, кім бы замяніць Мікіту, шкадуюць яго і спрабуюць вызначыць таго мярзотніка, які данёс у органы, бо каваль і былы партызанскі камандзір іншы раз, аказваецца, мог ляпнуць сваім языком не тое, што трэба. І нават супраць Сталіна. Ды супраць Сталіна – канешне ж, мог. Я сам чуў, калі ляжаў на печы, а мужчыны спрачаліся пра палітыку і націскалі на тое, была б вайна ці не, калі б не Сталін. Вось і давысвятляліся. Мікіту забралі. Мне б, канешне, дужа хацелася паглядзець, што ўжо там за той «варанок», у якім павезлі быццам бы Мікіту. Дзядзька Хвядос так і сказаў: «У варанку, значыць, павезлі. М-да!..» Каб ведаў, што прыедзе той варанок, то мог бы ноч і не паспаць – падцікавалі б з Петрыкам. А так – праспалі. Соні!

Я адразу ўспомніў, як капалі торф на балоце і да нас падышоў на перакур Мікіта, і адразу ж паказаў на кар’ер, што быў побач і заплыў рудой вадою.

– Мой кар’ер, – паказаў ён вачыма. – Мой... Немцы вунь за тымі дрэвамі... Ну колькі тут метраў? Два разы па сто – не больш. Гэта каб у лесе з імі сустрэўся, твар у твар, можна сказаць, там прасцей... А тут куды схаваешся? Страляць не будзеш – іх багата, нас трое... І вось у гэты кар’ер я і забраўся... Галава якраз пад кустом была – нават некалькі дурніц ротам хапнуў... А яны, гады, у ягады прыехалі, і мой куст потым увесь абшманалі, і як не заўважылі, аднаму Богу вядома. Паўдня прастаяў у вадзе. Добра, што дно цвёрдае было. А так усмактала б багна, і не выбраўся б. Ну, а розная драбяза ўжо і паздзекавалася нада мной! Грызе, а адагнаць не магу – руку з вады выцягнуць нельга, адразу плёскат немцы пачуюць. А хлопцы сядзелі ў іншых кар’ерах – хто дзе. Іх таксама не заўважылі. Пашанцавала.

І вось цяпер Мікіту забралі. Мне адразу ўявілася кузня без яго, пустая і халодная, і я патупаў з хаты на двор, а дзядзька Хвядос і Кастусь усё яшчэ сядзелі за сталом, паклаўшы на абрус кулакі. Трэба будзе і Петрыку сказаць пра Мікіту. І дзеду Грышку. Яму нават, можа, у першую чаргу, бо будзе дрыхнуць на печы і нічога не ведаць. Ідзем з Петрыкам да дзеда. Так і ёсць, ляжыць на печы. Калі жыла бабка Антося, то яна дапамагала яму злазіць, а цяпер, бачце вы яго, сам здаровы ці хворы – злазіць. Мабілізаваўся на ўсе выпадкі жыцця.