Читать «Варона» онлайн - страница 58

Васіль Ткачоў

– Давай я панясу!

Так, пачатак зроблены. Цяпер галоўнае ісці ззаду, аднак цётка Мат-руна, нібы разгадала ўсе нашы планы, падштурхоўвае Петрыка наперад, і такое ўражанне, што вядзе дамоў яго, як канваір арыштанта. Што ж зрабіць? Як выцягнуць той злашчасны карабок, ды так, каб не ўбачыла цётка Матруна? Спярша думалася, што будзе ўсё лягчэй лёгкага – засунуў руку, заціснуў у кулаку карабок, і ён твой. І на табе, дзед Грышка, яго, запальвай сваю печ! Аднак – не, не ўсё так проста, як здаецца. Але ж Петрык у шапку не спаў, вылучыў усё ж момант, я толькі паспеў убачыць краем вока, як ён засунуў карабок у сваю кішэнь. А перад самай хатай вярнуў вузельчык назад сваёй маці:

– Мы на вуліцы пабегаем.

А самі наўгрунь да дзеда Грышкі. Стары ўзяў карабок, пашамацеў ім перад вухам, а тады папытаў:

– З дазволу ўзялі, ці сцібрылі? Цікава-інцярэсна... Прызнавай-цеся, арлы!

Арол Петрык сказаў, каб дзед не хваляваўся, ці ж мы злодзеі якія-небудзь.

– Глядзіце ў мяне. А то з вамі можна і ў гісторыю ўліпнуць.

Дзед Грышка як у ваду глядзеў. Цётка Матруна пералічыла карабкі і выявіла прапажу. Адразу ж узняла лямант, а потым – вядомая справа! – спярша пайшоў у ход усё той жа ручнік, а пасля мы вымушаны былі ісці да дзеда Грышкі і забіраць назад карабок. А куды падзенешся? Каб быў, і ўсё. Ніякіх адгаворак. Дзе хочаце бярыце. На што толькі ні спасылаліся, а ёй хоць бы што. Баба, адным словам. Ды яшчэ скнара. Гэта каб у дзядзькі Хвядоса было столькі запалак, ён бы іх і лічыць не стаў, там бяры, колькі зачарпнеш. Эх! З якімі ж вачыма давялося тупаць да дзеда Грышкі – адным нам вядома. Петрык падштурхоўвае мяне наперад, я – Петрыка, так і пляцёмся. Прыйшлі, а старога і дома няма. Ажно лягчэй стала. Фу-у! Тады бачым: ідзе. Прыціхлі, чакаем. А ён, убачыўшы нас, усміхаецца:

– Што, па запалкі прыйшлі?

І адкуль ён, цікава, ведае?

– Ага, – гэта выціснуў з сябе Петрык. – Па запалкі... Матка спахапілася... Ага...

І не глядзіць на дзеда Грышку.

– То я сам аднёс іх тваёй матцы, Пятро, – сказаў стары. – І больш без дазволу старэйшых нічога не бярыце, хлопцы. Ніколі. Дамовілся?

Што нам, хіба цяжка было разам, у два галасы, гукнуць:

– Дамовіліся!

А дзед, хоць і па галаве не пагладзіў, але дужа і не журыў. Ён жа разумее, з кім мае справу. Мне і Петрыку па два разы адно і тое ж паўтараць не трэба. А з запалкамі мы што схібілі, то схібілі. Тут нічога не папішаш.