Читать «Варона» онлайн - страница 57

Васіль Ткачоў

А пакуль хай пакружыць з Санычам. Не шкада. Ён чалавек добры. Толькі аслаб у сваёй блакадзе, хоць, бывае, так зарагоча, хоць вушы затуляй. Вось ад’есца ў цёткі Варкі і паедзе горад свой пазбаўляць ад рознага ламачча і друзу, што застаўся пасля бамбёжак.

Ніяк у тым Ленінградзе без нашай бульбы.

17. ЗАПАЛКІ

Хацелася нешта добрае зрабіць дзеду Грышку. Торфу яму ўлетку завезлі ажно тры кашы – два мы, гэта значыць дзядзька Хвядос, я і Петрык... цётку Матруну можна і не лічыць: яна толькі нам перашкаджала, адгаворвала. «Што гэта вы за добранькія такія! Хіба ў Грышкі сваякоў няма? Ёсць! Вунь хоць бы Лізка!.. То хай і паклапоцяцца свае. А дзе гэта бачана, каб торф раздаваць налева і направа? Што гэта вы за гаспадары такія? Раскідоны!» Чулі? Аднак варта было паглядзець на цётку дзядзьку Хвядосу сваім цвёрдым і пранізлівым позіркам, і яна ледзь рукі не падняла ўгору: адразу здалася. Вязіце што хочаце і куды хочаце. А нам толькі гэта і трэба. Ды і хто ты яшчэ нам, цётка Матруна? Можа рана камандаваць пачала? Ну а яшчэ адзін кош перакуліў прама перад брамай старога Тамаш. Ад яго Грышка не спадзяваўся атрымаць такі падарунак, але ўсё роўна быў рады: хай хоць сам чорт пашле торф, абы было чым паліць у печы.

Увесь торф мы з Петрыкам і занеслі ў хлеў. Ужо ў самым канцы паказалася Надзейка са сваёй карзінай і моўчкі таксама пачала насіць торф. Нават не папытала, ці можна. Знайшлася прынцэса! Але насі, не прагоніш жа, хоць нам і самім там не было чаго рабіць. Толькі разагналіся. Дзед Грышка спярша пахваліў нас, а потым і накарміў. Але Надзейка за стол не пайшла, заўпарцілася, а нам гэта толькі і трэба: больш самім дастанецца, бо ў старога, як заўсёды, шкрабаеш у чыгунках доўга, а нашкрабеш мала. Такі ядок, а нас жа не чакаў. Як з неба ўпалі мы, і адразу за ягоны стол – гоп. Аднак наеліся.

Сядзелі, не хацелася дадому тупаць. Добра было мне, не ведаю, як Петрыку. Захацелася яшчэ нешта такое важнае, каб ён потым доўга ўспамінаў і ўсім хваліўся, зрабіць дзеду Грышку. Толькі што? Сядзелі, думалі. Торф занеслі. Дроў у яго і так поўная дрывотня. Яшчэ нам стала цікава: калі і дзе ён іх столькі назапасіў? Быццам і не цюкаў сякерай. Мусіць, яшчэ калі была жывая бабка Антося, тады. Вады таксама яму прынеслі. У хаце сам падмяце, не вялікі пан, а то ўсё паробім, а што тады яму застанецца?

Ды і калі шчыра, я не асабліва люблю драчом шкрабаць па падлозе – не мужчынская гэта справа. А яшчэ калі шчырэй, то дома я намёўся ўволю: не будзеш жа дзядзьку Хвядоса прымушаць. Па-першае, ён даўгалыгі, яму няёмка нахіляцца, а па-другое, каб не быў старшынёй, то і нахіліўся б, нічога б з ім не зрабілася.

І вось цяпер надарыўся выпадак, каб парадаваць дзеда Грышку. На самай горцы ў нашай Сасноўцы ў хаце Ерамеевых пачала працаваць крама. Самая сапраўдная. Купляй, што пажадаеш. Толькі, як жартуюць вяскоўцы, купіла няма. Няма, няма, а таўкуцца перад прылаўкам людзі. І мы таксама. Асабліва падушачкі вабяць. Смаката! Дзядзька Хвядос прыносіў, частаваў нас з Петрыкам, то ведаем. А яшчэ ў краме пахне селядцамі, цвікамі і папяросамі. Ад усяго гэтага ў носе толькі казыча. Фу-у, га! А цётка Матруна насыпае ў хустку карабкі. Сама і лічыць: адзін, два, тры, чатыры... дзесяць... пятнаццаць... дваццаць... А потым збілася, плюнула і похапкам завязала хустку вузельчыкам. Пакуль яна завязвала, у нас і нарадзілася ідэя... А што, калі ўзяць у хустцы непрыкметна адзін карабок і аднесці дзеду Грышку? Во рады будзе ён! У яго ж якраз і дэфіцыт на запалкі, ледзь на некалькі частак не скіпае адну, да таго беражэ. Мы пераміргнуліся, і Петрык усё зразумеў, таму, калі толькі выйшлі з крамы, ён адразу ўзяў у цёткі Матруны вузельчык з запалкамі: