Читать «Варона» онлайн - страница 47

Васіль Ткачоў

Гледзячы на нас, селі абедаць і Шурмялі. Надзейка адвярнулася, не глядзіць нат у наш бок. Бачце вы яе, крыўдуля такая. Цаца! Мож-на падумаць, што гэта я ці Петрык піхнуў яе і яна так выпацкалася. Нават і крадком не гляне.

Дзе тут які сухі і лёгенькі камячок? Зараз я пакажу ёй, як дзьмуцца. На, атрымлівай. Міма. Можна кідок паўтарыць. На гэты раз дакладна, але не па адрасу – трапіў не ў тую спіну, у якую цэліўся, а ў матчыну, і ўбачыў, як Надзейка пырснула смехам, ледзь не падаваліся ежай, а маці пагразіла ў наш бок кулаком:

– Я вам!..

Дзядзька Хвядос папракнуў:

– Не шкоднічайце, хлопцы. Як маленькія.

Мы зрабілі выгляд, што тое тычыць зусім і не нас. Яшчэ Надзейка хіхікаць – а тут яе не абскачаш – пачне: што, атрымалі?! А калі б атрымалі, то табе якая справа, вяночніца? Торф насіць – не кветачкі пальчыкамі перабіраць. Зразумела цяпер, пачым фунт ліха? І не тое яшчэ будзе. Дай трохі падрасці, тады я ў кар’еры буду стаяць з рыдлёўкай замест дзядзькі Хвядоса, пабачыш, хто з нас герой, а хто і блізка не бываў. Што, атрымала? Насі, насі, Надзейка, сырыя цагліны, ды пад ногі паглядай часцей , а то зноў носам тыцнешся, уся выквацаешся, х-хі!.. Чаго гэта я? А можа, ёй балюча было, а мне тут смешна. І Петрык зыркае раз-пораз на яе? Ну, гэта ўжо замнога. Замест таго, каб варушыцца, ён ледзьве поўзае, і прытым не зводзіць вачэй з суседкі. Насільшчык, называецца. Я табе зараз пакажу, як не старацца, а па баках вачамі толькі вадзіць! Не тое прыпомню!

– Цыц, маладыя вераб’і! – высоўвае галаву з кар’ера дзядзька Хвядос. – Абодва малайцы. Не смяшыце людзей.

Магчыма, мы яшчэ б трохі і пасмяшылі людзей, але з’явіўся Кастусь, і дзядзьку Хвядосу ўжо было не да нас, а нам стала не да Надзейкі. Зух, а не Кастусь. Адразу:

– Вышэй нос, гвардзейцы! Як працуюць, Хвядос? Не лянуюцца?

Калі б і ленаваліся, дзядзька Хвядос нас не выдаў бы. І так зразумела, няма чаго пытацца. Ну, чуў: не лянуюцца.

– Яны малайцом.

Укусіў? Усюды гэты Кастусь нос усуне, той быццам бы і маленькі ў яго, але ўшчэміць. І ўжо зусім набраўся нахабства, пытае:

– Ну, калі там нам новы трактар дадуць на арцель, старшыня?

Толькі я што надумаюся, ён тут як тут. Пра тое, што я сабраўся пасля школы на трактарыста вучыцца, пранюхаў жа во недзе, і адразу падножку – ворсь. На такое толькі танкіст і здольны. А сказаў бы, што стану шафёрам, ён папытаў бы, калі будзе ў нас «палутарка». Давядзецца токарам быць ці слесарам на заводзе, а яшчэ лепш зваршчыкам – у горад яго цётка Раіса ні за што не адпусціць. Хоць там ад яго ўздыхнеш вальней. Камар назойлівы.

– Не ведаю, калі, – адказвае дзядзька Хвядос. – Сам чакаю.

– Падварушы, падварушы іх, старшыня. Я б гэты торф усім са-сноўцам развёз, каб трактар быў. Магу і на машыне.

Усё, усё ён можа. Бачылі такога? Гэта яшчэ трэба паглядзець на свае вочы. Дрэў у вёсцы багата. Каб хоць за вуглы хат не зачапіўся, хвалько. А то ўсё, што пабудавалі, паразварочвае, зраўнуе, ускудлаціць, як парсюк лычам мурог.