Читать «Варона» онлайн - страница 49

Васіль Ткачоў

Пэўны час было ціха, усе маўчалі, а потым – бы па камандзе – заляпалі сякеры, пасыпаліся жарты, а дзед Грышка пагадзіўся нарэшце, што тут шмат працы і без ягонай сякеры, таму паклаў яе на загнет, і спярша пэцкаў галавешкай шнур, каб мужчыны маглі адбіць роў-ную палосачку на бервяне, а тады разам са мной і Петрыкам збіраў трэскі, якія мы зносілі ў адну кучу.

– Калі талакой рабіць, то любая работа добрая, – казаў ён і зрэдку цыкаў на нас: – Варушыцеся, малеча! Гэта вам не суп лыжкай сёрбаць за сталом. А мне вось цікава-інцярэсна, у які бок вокны будуць у гэтай хаце? Туды ці сюды?

Дзядзька Хвядос пачуў дзеда Грышку, узяў таго за локаць, павярнуў:

– Вось у той бок будуць вокны... Да сонца... І шлях відаць... Як на далоні.

– Цікава-інцярэсна! Давай, старшыня, хутчэй будуй жытло ды перабірайся ў хату, – дзед Грышка глядзеў удалячынь, на ягоных вачах заблішчэлі слязінкі, але стары не зважаў на іх, не саромеўся. – Калі вайна не скончыцца да зімы і мой Пятро не вернецца, то дазволь перад тваімі вокнамі іншы раз пасядзець: узімку холадна чакаць на вуліцы... І во, забыўся папытаць: не пашкадуй колькі трэсак... падсохнуць, то на распал добра будуць...

Шляхам у нас называюць шырокую дарогу, якая вядзе з вёскі да шашы. І ўсе мужчыны наблізіліся да Хвядоса з Грышкам, стаялі побач і таксама глядзелі ў той бок, адкуль прыходзяць у нашу Сасноўку заўсёды і смутак, і радасць...

На шляху пакуль нікога не было відаць.

І мужчыны пачалі зноў цюкаць сякерамі – будавалі зруб. А дзед Грышка нагроб трэсак, пасядзеў з імі на бёрне, а тады з крэктам устаў і моўчкі пасунуўся да сваёй хаты. Мы з Петрыкам усхапіліся, набралі таксама трэсак і неўзабаве дагналі старога. Ён, пачуўшы нашы крокі, спыніўся, паглядзеў на нас і, стомлена ўсміхнуўшыся, сказаў:

– Вы, хлапцы, мне і памерці не дасце!

Не дадзім, дзед Грышка.

Не атрымаецца.

Будзем жыць.

Для чаго і хаты будуем з вокнамі да сонца і на шлях...

14. НАВАСЕЛЛЕ

Хату не паспелі пабудаваць да першых халадоў. Але паколькі зруб быў і меўся дах над галавой, то вясковыя цеслі шчыравалі ў ёй і ўзімку. Можа, і раней справілі б мы з дзядзькам Хвядосам наваселле, але прыйшла пахавальная на Сцяпана, і ён пэўны час хадзіў сам не свой і зусім забыўся, здавалася, на хату: вельмі цяжка пераносіў страту сына. А хто б гэта лёгка перанёс?

Таму з наваселлем мы крыху спазніліся.

Не, што ні кажыце, а Петрык любіць падлабуньвацца да дзеда Грышкі. Вось і на наваселле побач, плячо ў плячо, прытупалі стары і малы. Нават маці яго, цётка Матруна, адстала. Дык яно ж і праўда – хіба за такімі угонішся, паспееш! Асабліва, калі ў хаце сталы ломяцца ад ежы. Слінкі пракаўтнеш. Петрык, праўда, ужо паспеў паласавацца: разам жа мы і чыгуны памагалі Лізавеце і Варцы ў печ стаўляць, і за вадой бегалі да калодзежа, ды і яшчэ чаго толькі ні рабілі – стараліся, каб наваселле было як трэба, бо само слова «наваселле», праўда ж, нейкае дужа ўжо вясёлае, заліхвацкае, і пахне не толькі жывіцай і трэскамі, не толькі глядзіць на нас, людзей, светлымі вокнамі, але і голасам дзядзькі Хвядоса запрашае ўсіх за стол: