Читать «Варона» онлайн - страница 45

Васіль Ткачоў

Як заўсёды пасля дажджу.

12. «БАГУН, БАГУН, МЫ Ў БАЛОТА...»

І неўзабаве людзі пацягнуліся ў бок балота. Яно пачынаецца не адразу за вёскай, а трэба патэпаць – і па бальшаку, і па куп’істым Чопкім лажку, а тады ўжо, калі за маленькім мастком, які і зрабілі летась, каб цераз канаву можна было вазіць торф, пакажацца маленькае пасяленне – вёска не вёска, хутар не хутар – з нейкай не дужа зразумелай назвай Негліва, то па левую руку, як ісці, і будзе балота. Насустрач выбягуць кусты вербалозу, тонкія і крывыя бярозкі, пад якімі, бывае, пракідваюцца і грыбы. Абабкі. Яны не такія, як у звычайнам лесе – брылькі больш светлыя, а ножкі доўгія, тонкія і часцей за ўсё крывыя. Нібы дражняцца з бярозак. А далей пачынаецца сапраўднае балота. У старых кар’ерах цвіце рудая вада, а галінкі з ягадамі-дурніцамі звісаюць прама над вадой, і не заўсёды іх дастанеш: небяспечна, можна абрынуцца ў ваду, а там плавае неба – уга, якая глыбіня. Не, лепш не лезці. Ягад хапае і на іншых кустах. Толькі ж іх усё роўна многа не з’ясі. Гэта каб хто зрываў табе, а самому збіраць надакучвае. Ну іх, тыя дурніцы. Не тое, што грыбы. Дзяўчынкі, дык тыя любяць. І атрымліваецца ў іх добра, спрытна: хап-хап-хап! Але што ягады? Ёсць на балоце адзін вораг, якога ўсе баяцца – як агню. Нават дарослыя і такі смяльчак, як дзед Грышка. Стары і навучыў мяне, як змагацца з тым супастатам. Гэта багун, расліна такая. Яна кусціцца, дзе толькі можа. І быццам наўмысна, калі з’яўляецца побач з багуном чалавек, расліна пачынае так пахнуць, што ачмурэць можна. Галава робіцца, што чыгун. Не свая. Ты ёй загадваеш, галаве, ягады збіраць, а яна хоча паляжаць. Або пасядзець. Ці што-небудзь іншае. А багун –не, будзеш рабіць тое, што я загадаю: спярша ачмурэць павінен, а та-ды я павяду цябе, куды пажадаю. Адзін раз і мяне ён падлавіў, багун той. Ледзь выйшаў з балота, і тое не помню – як. Так што з ім жартачкі кепскія. Калі мы з дзядзькам Хвядосам і Петрыкам толькі запрыкмецілі першыя кусты багуну, я загадаў :

– Багун, багун, мы ў балота, а ты – з балота!

Петрык таксама прашаптаў гэтыя словы, і нават тупнуў нагой:

– Вон! Ну, каму сказана!

Дзядзька Хвядос усміхнуўся:

– Усё, цяпер можна заходзіць смела: галава не разбаліцца.

Канешне, не. І дурню зразумела. А каб не сказалі мы тыя словы, каб не прагналі яго, дурман, то хапіла б клопату. Можа, і торфу таго накапалі б кату пад хвост, зусім мала, а так можна будзе працаваць, пакуль сілы хопіць. А сілы павінна хапіць. Паснедалі мы добра, яшчэ і цётка Матруна напакавала торбачку Петрыку, так што будзе, калі вымерхаемся, што ўкусіць. Падсілкуемся – і зноў наперад. Расседжвацца няма калі. Бо на балоце людзей, што мурашак, і ўсе адзін перад адным таўкуцца, хочуць паказаць сябе. Не там, дык тут. Ясная справа. А мы што, павінны выглядаць слабакамі? У мяне мускулы, калі руку рычажком зрабіць, як бугарок. Петрык толькі насупіцца і адвернецца: канешне, а чым яму пахваліцца? Рука роўная, што брусок. Як ні рабі яе, а такога бугарка, як у мяне, і блізка няма. Слабак. А яшчэ і крыўдзіцца, не любіць, калі яму праўду гавораць.