Читать «Варона» онлайн - страница 48

Васіль Ткачоў

Ну скажы, скажы яшчэ што-небудзь, танкіст, прыдумай, у цябе гэта добра атрымліваецца. А мы паслухаем. Я ўжо вуха натапырыў. Так, так. Нібы пачуў мяне, гаворыць:

– Чуў, Хвядос, Лізавета прымака ўзяла?

– Не, не чуў. Адкуль прыбіўся? І хто такі?

– А старшыня павінен у першую чаргу ведаць. Перш, чым да на-шых баб прыбівацца, прымак у цябе дазвол даўжон браць.

– Не звяртаўся, – жартам адказвае дзядзька Хвядос.

– Май на ўвазе.

– Багата ты да мяне звяртаўся.

– То я. А што тычыць прымака, то ён з Лазаравіч. І як ён Дняпро пераплыў, дохлы ж, адны рэбры... І носам чмыхае. Сухотачны нейкі.

– Такіх багата ходзіць.

– Багата. Пажыве трохі, пагрэецца, адкорміцца на Лізавеціных харчах – і далей пагалёкае. Калі пасля сябе след не аставіць.

След? Таксама скажаш, танкіст. Г-гм, толькі калі падэшва як на чобатах салдацкіх – во то след, а калі прымак той прыклыпаў у лапцях, то каму ён трэба, той след? Пройдзе дождж – і ўсё зліжа як карова языком. Вось вам і след будзе. Адна назва.

– Ну, добра... Я пайшоў. Сам капаю, сам нашу. Раюха хварэе… А наконт трактара, Хвядос, падварушы, падварушы!..

– Буду старацца.

– Глядзі ж! Я табе жыцця не дам.

– Ды гэта я ведаю.

Пазней я здагадаўся пра той след, які мог пакінуць Лізавецін прымак... Пашурупіў трохі галавой – і здагадаўся...

А вы думалі!

13. ЗРУБ

Ну, вось і надыйшоў той дзень, калі дзядзька Хвядос сказаў за снеданнем:

– Сёння, Колька, пачынаем хату будаваць.

Хацелася гукнуць: «Ура!», але мяне апярэдзіў дзядзька Хвядос:

– Будзем радавацца, калі зруб зробім і дах змайструем над галавой. А тады, ужо не спяшаючыся, перанясём туды і печ. Як жа без яе? Не, сяброўку сваю не пакінем, забяром з сабой.

– Забяром, – пагадзіўся, вядома ж, і я, бо не ўяўляў нават, як можна жыць у хаце без печы.

І адразу ж людзей каля нас сабралася – уга колькі! Нават дзед Грышка прытупаў, з той самай сякерай, з якой збіраўся на паляванне, але яго пыл астудзілі тады мужчыны. Пасля таго як маланка забіла бабку Антосю, дзед Грышка крыху змяніўся – пасмірнеў, ці што: яго цяпер менш бачаць на вуліцы і не так часта чуюць ягоную філасофію. Аднак калі прачуў, што старшыня пачынае будаваць хату, не ўседзеў дома, таўчэцца каля нашай печы.

– Хвядос, сякеру навастрыў, бачыш? – паказвае ён інструмент. – Што брытва. Тады не спатрэбілася, то сёння, спадзяюся, адвяду душу.

Дзядзька Хвядос усміхаецца:

– Адвядзеш, Грышка, абавязкова. Хоць і цяжка табе будзе, гляджу, уціснуцца... Мужчын – бачыш? – колькі. Канкурэнцыя!

– Я па-за канкурэнцыяй, – махае сякерай дзед Грышка. – Так, як я, рэдка хто цёс зробіць.

Але Мікіта не пагадзіўся:

– Адпачні, Грышка. Ці не намахаўся ты за сваё жыццё сякерай?

Дзед Грышка адбівае чарговую атаку:

– Ша! Талака ёсць талака. Тут усе роўныя. І не камандуй, а то парушыш усе мае планы. Во так! Я, можа, сабе слова даў: памагчы старшыні хату пабудаваць, і можна будзе... Во так!