Читать «Варона» онлайн - страница 46

Васіль Ткачоў

Дзядзька Хвядос учора прыходзіў на балота, аблюбаваў месца, і вось цяпер ён вядзе нас да яго. А я ўспомніў дзеда Грышку, і мне зрабілася шкада старога, бо ён – толькі б пабачылі! – такімі сумнымі вачыма праводзіў нас, што не пазайздросціш. А мне, калі я забіраў кош, прызнаўся:

– Зноў без мяне на балота... І навошта жыць? Э-ха-ха-а!..

А потым, нібы ачомаўшыся, прыняў бадзёры выгляд – успомніў пра сына, якога чакаў, і больш не скардзіўся на жыццё.

Кош дзядзьку Хвядосу спадабаўся. Патрос яго, сказаў, што крэ-пенькі, паслужыць доўга, але не ацаніў мяне, як кашаплёта. Усё прыпісаў дзеду Грышку. Можна падумаць, што ён і лазу рэзаў, і ця-гаў яе, і плёў толькі адзін... нават язык паказваў лупатай Надзейцы. А я з боку прыпёку. Зусім не ацаніў. Каб не сам дзед Грышка, то так бы і застаўся я ў цені, бы зломак які.

– Гэта, лічы, Колькаў кош, – сказаў стары. – Сам зрабіў. Пад маім наглядам. Адукаваўся ён хутка, макацёр варыць.

Чуў, дзядзька Хвядос?

– Калі ахвотнікам будзе да навукі, то і хлеб будзе есці смачнейшы, чымсьці мы, старшыня, з табой ядом. Бантон.

Я не стрымаўся тады і пахваліўся, што буду шафёрам, а дзед Грышка прыгадаў сваю байку, на іх у яго розуму багата, і сыпануў:

Мой мілёнак вучыцца,

Не знаю, што палучыцца:

Ці то поп, ці то манах,

Ці то шохвёр на валах.

Усе засмяяліся, і я таксама. Прыдумае дзед Грышка. На валах. Не, не на валах. А – сапраўдным. Самым што ні ёсць. Калі толькі сам не перадумаю. Магу я перадумаць ці не? Цяпер гэтых спецыяльнасцяў – уга колькі, і бывае, што сёння хочацца стаць інжынерам, а заўтра яшчэ кім-небудзь. Цяжка выбраць адразу – кім. З наскоку. А можа, заўтра я пачую яшчэ пра якую прафесію, раней пра якую і поведам не ведаў? Цяпер жыццё такое, што трымай вушы тарчком. Напагатове. Гэта яму, дзеду, добра: сядзі на печы і глядзі ў столь.

Аднак наконт каша – малайчына: не прысвоіў сабе ўсе заслугі, а падзяліўся, як і мае быць, нават мне перапала больш пахвалы. І калі дзядзька Хвядос сказаў яму, каб не хваляваўся, у халоднай хаце зімаваць дзед не будзе, той, хоць і гаварун добры, змоўчаў, ні словам не абмовіўся, а на вачах заблішчэлі слёзы... А праўда, хто яму накапае таго торфу, хто яго высушыць, прывязе? Мы з Петрыкам? Падрасці б, а то з кар’ера не відаць. Вось дзядзька Хвядос – дык гэта фігура, ужо і вада будзе на дне хлюпаць, а яму па пояс. Да самага пяску дакапаецца. Наразае торф цаглінкамі і кладзе перад сабой, насвіствае, бывае, і расказвае што цікавае нам пра вайну, а мы з Петрыкам толькі паспяваем адносіць тыя сырыя тарфінкі і класці адна каля аднае – каб падсыхалі. Праз колькі дзён тады прыбяжым на балота і перавернем іх на другі бок – няхай цяпер гэтак будуць да сонца.

– Ну што, абедаць пара, байцы? – глядзіць на нас дзядзька Хвядос і, не дачакаўшыся канкрэтнага адказу, вылазіць з кар’ера. А што яму вылазіць: раз – і гатова, парадак. – Давайце перакусім.

Давайце. Па праўдзе кажучы, дык і смокча пад лыжачкай. А сонца яшчэ высока. Падсілкуемся, і тады зноў упражэмся. Не прывыкаць. Надзейка таксама носіць торф з маткай, у іх кар’ер побач, адзін раз загледзелася на нас, пляснулася вобзем і тыцнулася прама носам у тарфіну. На той, мабыць, і адбітак твару меўся. Пабачылі б! Увесь твар чорны, як у негра, толькі вочы блішчаць. І калі я паказаў ёй язык, салупнула і яна, і тады была яшчэ больш смешнай.