Читать «Варона» онлайн - страница 39

Васіль Ткачоў

Не так, пэўна ж, думаў жыць далей і Міцька, рыхтаваўся, відаць, здацца ўладзе, усё расказаць, як яно было, спадзяваўся, канешне ж, што яго зразумеюць, хоць і не пагладзяць па галаве, але трохі і па-шкадуюць. Чалавек заўсёды спадзяецца на лепшае. Але атрымалася як нельга горш – цесна стала ў вялікім Дзянісавым бары Міцьку і шэршням, і цяпер ніхто не ўведае, хто каго зачапіў першы. Аднак перамаглі шэршні, пакусалі Міцьку, і ён не вытрымаў – памёр.

Жніво перанеслі на адзін дзень – хавалі Міцьку. На пагосце нічога людзі не гаварылі, акрамя Тамаша, які румзаў, бы малое дзіця, часта шморгаў носам і прамакаў на твары рукавом слёзы:

– Міцька ты, Міцька! Ты не толькі людзям не дагадзіў, але і шэр-шням, маць іх так!.. Чаму, чаму ў цябе жыццё так павярнулася, сы-ночак? Хто тут вінаваты? Хто-о-о? – Тамаш у роспачы глядзеў на людзей, але тыя стараліся не сустракацца з ім поглядамі: што паробіш цяпер ужо, Тамаш, што паробіш!.. І разыходзіліся з пагоста, несучы з яго кожны сваё – хто спагаду, а хто і нянавісць да Міцькі і яго бацькоў...

Дзед Грышка, як заўсёды, тупаў ззаду і хваліў шэршняў, якія на-рэшце разабраліся з гэтым Дзмітрыем.

– Разумныя істоты, хоць я іх таксама не надта каб цаніў, – казаў ён, шоргаючы лапцямі па зямлі, пра насякомых. – Але вось тут яны вытыркнуліся своечасова: на табе, Дзмітрый, атрымлівай, што заслу-жыў. Вынеслі прысуд чалавеку. Памаглі людзям, іш ты!.. І адкуль яны, цікава мне, даведаліся, што ён здраднік? Мне вось гэта больш за ўсё цікава-інцярэсна. Хто шапнуў ім? Хоць і шкада мне Міцьку – ён таксама мне ласкуты падаваў, калі я кажухі шыў.

Жніво пачалося неяк ціха і непрыкметна, хаця па тым, як рых-таваліся да яго людзі, можна было спадзявацца, што дзядзька Хвядос будзе ісці наперадзе, а за ім жанчыны ў белых хустках... З песняй. Як і раней, да вайны. Але было не да спеваў, і таму людзі сабраліся на ўскрайку жытнёвага поля хоць і не арганізавана, але амаль у адзін і той жа час: адзін за адным, ланцужком, прыцягнуліся жанчыны з сярпамі і вузельчыкамі з ежай і глядзелі на дзядзьку Хвядоса, чакаючы ад яго, старшыні, мудрых, усцешных слоў. Але той маўчаў, толькі смактаў свой самасад, а калі сказаў: «Ну з Богам, жанчынкі!», тыя рассыпаліся, быццам разбегліся куры па двары, па ладнаму лапіку жытнёвага палетка. Дзядзька Хвядос яшчэ колькі пастаяў каля жанчын, а потым, спаслаўшыся на занятасць – ды хіба ж і сапраўды мала ў калгасе спраў! – падаўся ў бок вёскі...

Бяда здарылася апоўдні, калі неба зацягнулі густыя цёмныя хмары, яго распаласавала бліскавіца, а потым трывожна загрукацеў гром і лінуў дождж – бы з вядра. Жанчыны пахаваліся ад яго ў бабкі, якіх жа самі ўжо паспелі нарабіць з тугіх снапоў. Схавалася і Антося, а серп паклала зверху на снапы. Мужчыны потым вінавацілі серп, які быццам бы ўзяў на сябе ўвесь зарад, бы маланкаадвод, але хто тут вінаваты, хто не, паспрабуй цяпер разбярыся... Бабка, у якой ляжала ўжо забітая маланкай Антося, загарэлася, жанчыны паднялі лямант, але іх пакуль яшчэ ніхто не чуў – вёска далёка, а дождж не пераставаў церабіць, сыпаў і сыпаў на зямлю... Толькі на яго ўжо ніхто са жней не звяртаў увагі – спярша спрабавалі ўратаваць Антосю, але потым зразумелі, што дарэмна ўсё, яна не дыхала і ўся была чорная, бы сажа, і тады яны здагадаліся адправіць каго-небудзь за старшынёй...