Читать «Варона» онлайн - страница 41

Васіль Ткачоў

– Людзі добрыя, хто возьме свячу?

– Мы возьмем! – гэта сказала Маўра, і ў хаце зрабілася яшчэ больш ціха, чым было раней. – Мы! Мы прывецім абраз у сваёй хаце, якую ён ачысціць ад усяго таго, чым забрудзіў яе наш сын Дзмітрый.

Бач ты, што робіцца! Во куды абраз і свячу панясуць. Цікава, а што скажа баба Ганна, ці аддасць? А мне ж адразу ўспомніўся лес, Міцька, Тамаш... Аднак баба Ганна, крыху павагаўшыся, вырашыла:

– Забірай, Маўра, абраз. Нясі.

Ганна з Маўрай абняліся, пацалавалі адну адну. Абраз Маўра тры-мала перад сабой, а свячу ўзялася несці Ганна. Маўра патупала нарэшце з хаты, за ёй – Ганна, няўпэўнена намацваючы нагамі падлогу. За імі пачалі выбірацца астатнія. Гарыць свяча, палае. Толькі зрэдку хістаецца агеньчык, вось-вось быццам гатовы парвацца, як нітка, ды не – дрыжыць, трасецца, а жыве. Перад Маўрай і Ганнай ідзе Лізавета – тая ўсюды паспее! – сцеле салому, толькі паспяваюць ёй падаваць снапы. Салому ж адразу падбіраюць людзі, узяў і я. Петрык шапнуў:

– Бяры болі, болі бяры!

Ну, узяў. А навошта больш – няма калі разбірацца. Петрык жа сам растлумачыў:

– Жыўнасць весціся будзе.

Бач ты, ведае.

Каля брамы ўсё шэсце страчаў Тамаш і запрасіў у хату.

– А нам ісці? – паглядзеў на мяне Петрык.

Можна падумаць, што я ведаю. Аднак, калі Лізавета сказала, што ўсіх будуць частаваць баршчом, аладкамі-мачанкамі, кашай і кісялём, то і дурню зразумела: канешне ж, ісці! Нават бегчы трэба, а то можна і спазніцца. А на стале і сапраўды было шмат страў. І пах цудоўны! Хутчэй бы паласавацца.

Аднак Тамаш не надта спяшаецца. Канешне, куды яму спяшацца – сам налопаўся, вядома ж, пакуль чакаў усіх, таму і ў вус не дзьме. А ў нас слінкі цякуць. Маўра таксама харошая – топчацца, як не-жывая. Так можа і свяча патухнуць ад непавагі да людзей. Нарэш-це сказала:

– Людцы добрыя, давайце запросім да нашага стала сына нашага Дзмітрыя і Антосю, і ўсіх нябожчыкаў, хопіць ежы...

Ды калі б тут былі адны нябожчыкі – ого б мы наеліся! А то ж усе рукі цягнуць. Не дабрацца да стала. Так-сяк прыстасоўваемся, гэта дзеду Грышку цяжэй: з яго жыватом не разгонішся асабліва. Адціраюць старога. Трэба выручаць. Зубоў у Грышкі няма, то яму добра будзе кісель з кашай, чым неўзабаве мы і забяспечылі старога: прыемнага апетыту, Грышка!

Стары падзякаваў і спытаў:

– А самі ж?

Можна было падумаць, што ён не бачыў, хітраван, як мы церабілі. Ух і наеліся! Жываты парабіліся, нібы тыя бубны. А на стале яшчэ хапала ўсяго. Цікава, і хто ж гэта будзе даядаць?

Добра, што было свята. І шкада, што яно скончылася.

Назаўтра Петрык прапанаваў:

– Давай сходзім да Тамаша, паглядзім, як свяча гарыць.

Я спярша пагадзіўся, а потым адмовіўся: не кожны ж дзень павінны быць святы...

11. КОШ І ВЯНОК

Дзядзька Хвядос надоечы разважаў пра наша жыццё так:

– Вось мы, Колька, з табой у новай хаце збіраемся жыць. Хату, канешне, яшчэ трэба пабудаваць. Пабудуем. Усяму свой час. Не век жа нам у зямлянцы сядзець, так? Так. А будзе ж хата – патрэбна і пра паліва паклапаціцца… І касіць, і сеяць трэба... а тут яшчэ і на балоце трэба будзе павалтузіцца, каб торфу накапаць. Кашоў пятнаццаць трэба, мабыць. Поўных – як накласці... Так што парабіць нам з табой, брат, давядзецца.