Читать «Варона» онлайн - страница 40

Васіль Ткачоў

Праўду кажуць, што бяда адна не ходзіць. Цётку Антосю вельмі шкадавалі людзі – не тое, што Міцьку: усе плакалі. Пасыпаліся слёзы і з маіх вачэй. Асабліва тады, калі на пагосце Ганна пачала маліцца Богу, а ёй падпявалі жанчыны. Тут і мёртвы заплача, не тое каб... Я раз-пораз паглядаў на дзеда Грышку, які зусім згорбіўся, пачарнеў, і мне больш за ўсё было шкада старога. І пакуль яго сын Пятро недзе яшчэ ваюе, як, канечне, і мой татка, і Сцяпан дзядзькі Хвядоса, мы з Петрыкам паабяцалі самі сабе часцей заходзіць да яго і памагаць. А то як жа ён адзін? Ды і сумленне мець трэба: калі ў нас нешта не так, ці ў каго іншага, дзед Грышка тут як тут, першы прытупае. Змахне тады з галавы сваю новую шапку-аблавушку, акіне люд зацікаўленым позіркам і скажа:

– Мне вось цікава-інцярэсна...

І пачне разводзіць філасофію, якую не толькі мы, хлапчукі, але і ўсе дарослыя – хіба ж не відаць! – любяць слухаць.

Таму дзеда Грышку ў бядзе не пакінем.

Такое наша слова.

10. СВЕЧКА НЕ ПАТУХЛА

Учора мы здаліся дзядзьку Хвядосу. Трэба ж было калі-небудзь, не вечна ж нам хаваць тую зброю пад шыгаллем, калі вайна грукоча недзе далёка, і ўсе кажуць, што капут немцам і назад яму ходу няма. Навошта нам цяпер тыя ствалы? Дзядзька Хвядос уважліва слухаў нас з Петрыкам, а мы наперабой расказвалі яму пра кулямёт, аўтаматы і вінтоўкі, нават пра наган, што ў лесе. Думалі, скажа: «Ну што ж, пайшлі, паказвайце, ваякі, свой арсенал», аднак ён нетаропка скруціў сваю цыгарку з самасаду, залізаў, як заўсёды, языком акуратнае шво на паперы, пыхнуў дымком. Толькі тады прамовіў:

– Хай пакуль ляжыць зброя ваша, хлопцы, там, дзе і схавалі. Не да яе. Я ў раён Козыраву паведамлю, ці ў ваенкамат, адтуль прыедуць і адразу ў лесе забяруць. Навошта нам цягаць зброю туды-сюды? Ці ёсць рацыя? А за тое, што прызналіся, малайцы.

А ўвечар таго дня ўся малеча набілася ў хату бабы Ганны, бо сказалі нам, што будзе свята. І не абы-якое, а будуць аддаваць некаму абраз, а разам з ім і свячу, іх панясуць па вуліцы ў другі двор. І трэба пранесці свячу так, каб яна не патухла. Цікава, што за свята такое. Затаіліся, назіраем. Баба Ганна, крадком паглядаючы ў свой зашмальцаваны царкоўны талмуд, моліцца Богу, ёй дапамагаюць жанчыны – не ўсе, а ў каго, відаць, ёсць голас. А мо хто і слоў не ведае? Раіса вунь толькі губамі шамкае, а ніводнага слова не вымавіла – адно што выгляд робіць. Артыстка. Каб Кастусь тут быў, то б на яго касіла вачыма, як баба Ганна на свой малітоўнік. Ціха, увага: Ганна скончыла, здаецца, сваю справу, утварылася паўза, і людзі заварушыліся. Ну, калі ўжо той абраз панясуць? Навошта марудзіць? Нам больш цікава, як будзе свяча гарэць. Патухне ці не патухне на вуліцы? Баба Ганна, здаецца, пачула мяне, і калі людзі зноў суцішыліся, папытала: