Читать «Варона» онлайн - страница 38

Васіль Ткачоў

– Вось падрамантуюся трошкі... А то яно не зусім зручна ат-рымліваецца: старшыня, першы чалавек у калгасе, і жыве ў зямлянцы. Дзе б гэта бачана такое? Бяздомны, адным словам.

Дагаварыўся! Пачаў за здравіцу, а скончыў за ўпакой. Добра, штопрыйшоў нарэшце Мікіта, і дзядзька Хвядос загадаў нам, хлопцам, і дзеду Грышку сядзець дома, а самі яны – бач ты, начальнікі! – па-даліся, не аглядаючыся нават, у бок лесу... Дзед Грышка доўга скар-дзіўся нам на «калгаснае начальства, якое далей свайго носу нічога не бачыць», таму і дапусціла яно немаведама якую памылку, што не ўзяло яго на паляванне, і што ўсё гэта ім некалі вылезе бокам. «Шалапуты!» Ён думае, што і нам не крыўдна? Аднак скардзіцца мы не прывыклі – усе хлопцы, у тым ліку і я з Петрыкам, неўзабаве шуганулі ўслед за паляўнічымі – варта ім было толькі схавацца ў лесе. І мы не лыкам шытыя. Так проста нас не аб’ягорыце.

А дзед Грышка зусім разгубіўся, доўга яшчэ таптаўся на адным і тым жа месцы, а тады патупаў дахаты... Але перш чым пайсці, шпурнуў перад сабой сякеру. Злосна так, ажно вылаяўся. А куды яму, старому і нямогламу, было падзецца? За паляўнічымі не паспееш, а за намі – тым больш! Не галопам жа бегчы яму? Пайшоў зноў, відаць, серп вастрыць сваёй Антосі.

У лесе было так, як заўсёды. Ціха і хораша. Спявалі птушкі, шасталі з галінкі на галінку, і толькі былі чуваць крокі вяскоўцаў – яны ішлі крыху наводдаль, але мы іх з поля зроку не гублялі. Зрэдку быў чуваць голас то дзядзькі Хвядоса, то Мікіты. Астатнія больш маўчалі. Але што за дзівосы?! Кабыла, Маруська, жывая! Яна пасвілася на ўскрайку, і цяпер яе вёў за аброць Мікіта. Нічога не разумеем. Калі жывая кабыла, то чаму не паварочваюць нашы паляўнічыя назад, а прадзіраюцца ўсё далей і далей у лес? Якога ваўка яны шукаюць? І кім, а галоўнае для чаго прыдумана ўсё гэтае паляванне? Я пачынаў здагадвацца. Шапнуў Петрыку: «Відаць, Міцьку хочуць зацапаць?» Петрык адказаў: «Так яму і трэба, здрадніку!» І мы, каб не адстаць ад дарослых, клубкамі каціліся ўслед за імі – ад дрэва да дрэва, ад хмызу да хмызу. Апынуліся паблізу ад нашай схованкі, але зрабілі выгляд, што яе ўвогуле не існуе, таму стараліся не глядзець нават у той бок.

– Вось ён!.. – пачулі раптам мы голас дзядзькі Хвядоса, і наўсцяж у лесе зрабілася яшчэ больш ціха і чамусьці, як ніколі раней, трывожна.

– Гаротнік, – парушыў нарэшце маўчанне Мікіта. – Шэршні яму трыбунал вызначылі, і жорстка пакаралі. Так і чалавек не змог бы – пашкадаваў бы, мусіць.

І мы бачылі, як мужчыны садралі з галоў картузы – у каго што было на чупрынах і лысінах – і стаялі моўчкі, крыху нахіліўшы галовы наперад. У гэты самы час нейкая сіла штурханула ўсіх нас, хлапцоў, і мы, не саромеючыся і нікога не баючыся, паказаліся са сваіх часовых схованак і сталі побач з дарослымі. Дзядзька Хвядос змерыў мяне абыякавым, як падалося мне, позіркам і загадаў:

– Забірайце Міцьку, мужыкі. Пакуль не акалеў, то на Маруську пакладзём... Яна давязе.

З лесу вярталіся моўчкі. Маўчалі і дарослыя, і мы. Самы раз было паказаць дзядзьку Хвядосу нашу схованку, але мы з Петрыкам перадумалі: сёння яму, мусіць, не да нашай зброі. Будзе час. Не апошні дзень жывём. Хоць, як звычайна кажа ў такіх выпадках вясковы філосаф дзед Грышка, не загадаеш.