Читать «Варона» онлайн - страница 37

Васіль Ткачоў

А пакуль няма яшчэ тых і снапоў, толькі заўтра выйдуць жанчыны з сярпамі на палетак. Горш за ўсё – чакаць. Не, каб прама сёння і пачаць, што там адзін ужо той дзень вырашае, але ж дзядзьку Хвядосу хіба што дакажаш? Як старшынёй стаў, дык зусім не слухаецца.

– Заўтра, бабы, на жніво! – бы наўмысна яшчэ, каб паказаць мне, хто тут камандзір, гучна гаварыў кожнай стрэчнай жанчыне ён. – Не спазняцца! Выходзім дружна – як на бой! Усе чулі?

Ды чулі, чулі! Тут і глухі пачуе. Дзед Грышка і тое ўжо ведае, што заўтра жаць пачынаюць, і шаркае напілкам па сярпу і, відаць жа, скардзіцца, што зрок зусім слабы, а ён, дзівак, не захапіў у тым баі з немцам у лесе акуляры. Трэба было адабраць. Спатрэбіліся б. Хоць і на чужым носе віселі, а прыжыліся б і на ягоным – савецкім.

А пазней нехта з дарослых пусціў па вёсцы пагалоску, што воўк задраў кабылу, і гэтая бяда сабрала людзей каля Хвядосавай печы, які, перш чым выцягнуць з падпечча ружжо, загорнутае ў анучыну, паківаў галавой:

– Ах ты, гора, гора. Як жа нам цяпер без яе, без Маруські?

І дзед Грышка тут як тут – прыскакаў з сякерай, махае ёю ў павет-ры, бы шабляй:

– На ваўка, на гада! Вы што гэта, Хвядос, мяне хочаце абмінуць, галоўнага, можна сказаць, паляўнічага? На паляванне – і без мяне? З якога часу? Я павінен з тым ваўком сустрэцца твар у твар, вока ў вока!

Нехта пырснуў смехам:

– А падштанікі запасныя ёсць?

– Ёсць! Знойдзем! За гэта, грамадзяне, не хвалюйцеся. Ша! Я за такую кабылу таму ваўку галаву звярну на бок. Я ж яе – хіба не пом-ніце? – жарабём выхадзіў, калі яна нагу падвярнула. Для чаго – каб ваўку дасталася? Во яму! – і ён варсануў дулю ў паветра. – Я ўжо за вайну і забыўся, што ваўкі гэтыя ёсць – страшнейшыя звяры іх захінулі, пахавалі. А яны, шэрыя, ёсць, аказваецца.

Хвядос пагадзіўся:

– На наш з табой век іх яшчэ хопіць.

Вылучыўшы момант, папрасіўся на паляванне і я. Дзядзька Хвядос, каб адчапіцца ад нас, хіба ж не вядома, паабяцаў даць нейкае іншае, але не менш адказвае і важнае заданне, а дзед Грышка, падлабуньванец стары, хехекнуў:

– Гэта, брат Колька, табе не лемяхі ў кузні падаваць! – І да дзядзькі Хвядоса: – Калі думаеш будавацца, старшыня?

Я ж і кажу: такі падлабуньванец! Каб на паляванне ўзялі, дык, бачце вы яго, здалёку пачынае... пра хату. Можна падумаць, што і ты дапаможаш. Калі толькі языком. А дзядзька Хвядос яшчэ і адказвае яму, бы няма больш чаго рабіць:

– За восень трэба. Куды ж яшчэ больш цягнуць? Только спярша ў арцелі трэба парадак навесці. У зямлянцы начуем. А што? Там цёпла. Хай вунь Колька скажа...

Я кіўнуў, бо ўсе паглядзелі на мяне, і мне больш нічога не заставалася, як пацвердзіць.

Дзед Грышка, хітраван стары, памеўся дапамагчы паставіць зруб, яшчэ і сказаў: