Читать «Варона» онлайн - страница 36

Васіль Ткачоў

– Прабач. І прыгожы ён. Ты што, хіба яго не помніш?

Як жа – не помню! Але ж трэба пра нешта гаварыць, і я паабяцаў:

– Ды я магу падрасці! Пачакаеш? Моркву буду есці. На градцы пасаджу...

– Ты расці, расці, Колька, – сказала няўпэўнена Раіса, і цяпер думай, што ў яе было наўме.

Але і я рашыў не здавацца:

– Куды табе спяшацца з замужжам? У цябе ж ёсць пакуль з кім жыць. Мамка ў цябе. А к таму часу, калі яна памрэ, і я падрасту. І мы будзем разам жыць. Дзяцей выхоўваць... Як мяне дзядзька Хвядос выхоўвае. Я падрасту, цётка Рая!

Не, каб нешта канкрэтнае адказаць, а яна зноў заблытала ўсё:

– І я цябе люблю, Колька.

Вось і думай тут што хочаш. Так можа сказаць пра мяне і бабка Антося. Але ж гэта не адно і тое ж. Адчуў нават, як палалі шчокі – гарэў, канешне ж, сінім полымем.

І каб ужо гарэць да канца, рашыў працягваць казаць глупствы:

– А то хто-небудзь возьме ды і забярэ цябе. Мы з дзядзькам Хвядосам не хочам, каб цябе другі дзядзька забраў. Таму я і рашыў на табе ажаніцца... А можа, ты і за дзядзьку Хвядоса пайшла б? Мы з ім дружым.

А Раіса – не, каб усміхнуцца – пусціла слязу і пайшла працягваць развешваць бялізну. Толькі мне сказала:

– Дзякуй табе, Колька, за дабрыню тваю. Дзякуй.

Багата мне трэба яе «дзякуй». А далей што? Што? Кастуся там нідзе не відаць? Пакуль – не, ціха. Але – пакуль...

Увечар мы сядзелі з Петрыкам на Грышкавай прызбе і думалі, што багата нарабілі сёння глупстваў. Ці, можа, то былі зусім і не глупствы?

9. БЯДА АДНА НЕ ХОДЗІЦЬ

Добрае жыта вырасла. Каласы буйныя, цяжкія – і быццам сонцам налітыя. Дзядзька Хвядос расцёр колас на далоні, паглядзеў на мяне, на Петрыка і, вядома ж, на дзеда Грышку, і сказаў:

– Будзем з хлебам! Дзякуй табе, дзед Грышка, за жыта. І жанчынам нашым – таксама дзякуй.

Дзед Грышка быў, здавалася, на сёмым небе ад шчасця. Ён хацеў нешта сказаць, а тады толькі хлюпнуў носам, зморшчыўся, і на яго вачах заблішчэлі здрадніцкія слязінкі. Стары крадком змахнуў іх.

А дзядзька Хвядос паляпаў старога па плячы, а потым прыгарнуў яго да сябе і задаволена прамовіў:

– Заўтра жаць пачынаем.

Гэта дарослыя пачынаюць, а што мы, хлопцы, рабіць будзем? Хоць серп той раздабудзь. Ды толькі дзе яго возьмеш – яны на вуліцы не валяюцца і замест яблыкаў на дрэвах не вісяць. Петрык дык і не бядуе: не мужчынская справа гэта – з сярпом хадзіць. Пачакаем, кажа, калі і нас паклічуць – снапы зносіць на калгасны ток. «Вось тады пашчыруем!» Але калі тое яшчэ будзе? Хоць – прыдумаў! – і будзе: сёння ж напомню дзядзьку Хвядосу, што той калгасны ток мы будзем рабіць разам з дарослымі. А што там, розуму багата трэба? Дзед Грышка, вядома ж, за старшага наб’ецца, хоць яго і прызначаць ніхто не стане: сядзі на печы, дзед, ад хвароб сваіх адбівайся, як некалі ў лесе ад немца. Ды з дзедам мы як-небудзь саўладаем – галоўнае, каб каго іншага старшым не прызначылі, бо той можа даць і ад варот паварот. А ток у нас робіцца проста – на тым жа полі, дзе расце жыта, зразаецца рыдлёўкамі іржэўнік, раўняецца, прыбіраюцца камяні і камякі зямлі, і тады лапік той становіцца такі ж лысы, як у дзеда Грышкі галава. Адно на адно. А потым трактарыст Сёмка прыцягне дапатопны камбайн, і будзе тарахцець трактар дзень і ноч – падавай толькі снапы камбайну, а барабан той ён упраўна будзе круціць. І тады наўсцяж так хораша пахне жытам, зернем, што, здаецца, не адыходзіў бы ад дарослых, якія, бы мурашы, будуць завіхацца на калгасным таку.