Читать «Варона» онлайн - страница 30

Васіль Ткачоў

– Пянёк ты мой старэнькі... Пісьмо ж прыйшло... Пісьмо...

Пачуўшы пра пісьмо, дзед Грышка прыняў строгі выгляд, распраміў плечы:

– Дзе?.. Як?.. Ад Пятра? Ці ад каго? Чаму маўчыш?

– Ад сыночка... ад яго... з фронту, – бабка Антося прытуліла пісьмо да грудзей, потым пацалавала яго, зноў прытуліла, а вочы былі поўныя слёз.

– Ад сына! – гучна і горда сказаў дзед Грышка і ўзяў пісьмо ў старой, падаў мне: – Зачытай-ка прылюдна. Мікіта, не грукай молатам. Прывал, як той казаў. Ну-ну, Колька. – І да Антосі: – Зараз, зараз. А рукам паслаблення больш не давай. Чытай, Колька. Чытай. Цікава-інцярэсна. Ша!

Я бачыў, як усе абступілі мяне, і такое было ўражанне, што гэтае кола з людзей сціснецца і раздавіць мяне разам з пісьмом. І калі ўсе суцішыліся, толькі было чуваць дыханне людзей, я пачаў чытаць: «Прывітанне з фронту ад Пятра... ад Пятра... Дарагія мама і тата! Пішу вам, а сам успамінаю вёску, землякоў. Як вы там?»

Дзед Грышка хлюпнуў носам, крадком змахнуў слязу са шчакі:

– Характарны ён чалавек, Пятро. «Як вы там?» Не кожны папытае, а ён даўмеўся. Увесь у мяне.

Бабка Антося варсанула старому ў бок:

– Стой ужо!

– Чытай, Колька, – загадаў дзед Грышка.

«Цяпер, калі ўсю нашу вобласць ачысцілі ад фашысцкай заразы, відаць, добра ў вас. Ціха».

– Ціха, – кіўнуў дзядзька Хвядос.

– Адзін толькі Мікіта молатам гэкае, – сказаў дзед Грышка. – Днём і ноччу. Далей, далей, Колька...

«А мы... а мы ўсё яшчэ ваюем. Да Берліна далёка, трэба берагчыся...»

– А як жа! Беражыся, беражыся, Пятро. Але і за спіны іншых не хавайся. Не маеш права, сынок! – зноў хлюпнуў носам дзед Грышка.

– Ён не такі, – пахваліў Пятра Мікіта.

– Не такі... – пагадзіўся і дзядзька Хвядос.

А я глядзеў на землякоў, і перад вачыма стаяў Міцька. Абросшы, брудны, страшны, трымцяць, бы лісце на ветры, рукі... Так ніводнага пісьма ад Міцькі дома і не дачакаліся. А ў бабкі Антосі і дзеда Грышкі сёння свята, і каб не сапсаваць яго, я стараўся чытаць выразна, гучна: «Шмат пісаць не буду, таму што хутка канец усёй гэтай праклятай вайне, вярнуся з перамогай, тады пра ўсё і пагаворым».

– Пагаворым, пагаворым, сын... – паківаў галавой, думаючы пра сваё, дзед Грышка.

«За мяне не хвалюйцеся. Ваюю я добра, два ордэны заслужыў, акрамя таго... акрамя таго... ёсць медалі. Іх паболей».

Бабка Антося толькі цяпер успомніла пра падзяку ад самога Сталіна, пахвалілася. Дзед Грышка торкнуў угору пальцам:

– Так, так, мужыкі. Яна не хлусіць.

Бабка Антося махнула рукой, злуючы на свайго дзеда, і загадала чытаць мне далей. На што Грышка сказаў, бы адсек:

– Факт ёсць факт! Прашу засведчыць! Для гісторыі, грамадзяне!

«Я вам, мама і тата, калі пісаў раней, не прызнаўся, а цяпер скажу: вярнуся з вайны не адзін... Сустрэўся я з добрай дзяўчынай, Зінай зваць, палюбілі мы адзін аднаго, і хутка ў нас будзе дзіця...» Далей я чытаць чамусьці не стаў, а паглядзеў на бабку Антосю, на дзеда Грышку, на ўсіх астатніх... На твары дзеда ўбачыў шырокую ўсмешку – яна, усмешка тая, большала і большала, і недзе за вушамі знікла. Грышка прытупнуў лапцем: