Читать «Варона» онлайн - страница 28

Васіль Ткачоў

– Знімі ўсё ж, – сур’ёзна сказаў на гэты раз Хвядос, – а то гляджу я на цябе, і зноў бытта немец перад вачамі стаіць. Як бяльмо... Старое прыгадваецца... Чуеш, Грышка?

– Прымусяць, – прызнаў, здаецца, сваё паражэнне дзед Грышка. – Канфіскуюць. Вам бы толькі адымаць. Добра, угаварылі. Зніму. Але ж і табе заўважу, Хвядос: тое старое, брат, не скора забудзецца. Вельмі карані ў яго моцныя. К-хе, значыць!..

Мікіта тым часам падрыхтаваўся нешта рабіць – на ўсю моц пыхкаў жарам горан, быў каваль ужо ў сваім дзіравым чорным фартушку, і неўзабаве кавалак жалеза, абхоплены вялікімі абцугамі-клешнямі, апынуўся ў распаленых да белага калення вугалях. І яшчэ паддаў дыхту – затузаў за ўсё той жа матузок.

– Будзем свой інвентар рабіць, – Мікіта закурыў, засунуў кавалак жалеза глыбей у вуголле. – Без яго нам нельга. Плугі, бароны трэба ў калгасе.

Дзед Грышка пахваліў Мікіту:

– За табой не зачахне.

А пакуль Мікіта пляскаў молатам па напаленаму кавалку жалеза, у кузню прасунулася з бараной Варка. Паставіла барану адразу ж за парогам, паказала на яе рукой:

– Вось і ў мяне яшчэ знайшлася. Саломай прысыпала, ледзь заўважыла. Нічога яшчэ барана. Двух пальцаў толькі не хапае. Мікіта, ты чуеш?

– Пакуль у мяне ўсе пальцы, то і ў барану ўстаўлю, – крадком глянуў Мікіта спярша на барану, потым на жанчыну. – Няхай пача-кае. Плугі на першым плане. Араць хутка трэба будзе.

Хвядос падзякаваў Варцы за барану.

– Шкада хіба? – сумелася жанчына і адразу ж паглядзела на дзеда Грышку. – Што гэта на цябе за напасць такая, сусед? То пчолы наляцелі – вочы былі, як у кітайца, то пад лёд ледзь не праваліўся...

– Гэта я лёгкай рыбы захацеў, – прызнаўся стары.

– А цяпер вось немец падстрэліў у адно месца... – Варка ўсміхнулася.

– Не цяпер, а даўно, – паправіў Варку дзед Грышка. – Гэта раней я проста маскіраваўся. Ды махнуў рукой... Відаць, кантузія. На ўсё жыццё метка. Як думаеце, мужыкі?

Хвядос махнуў рукой:

– Усё будзе добра, дзед. Зажыве.

– Колькі ж можна!..

А Варка старалася паглядзець на тое месца, куды, калі верыць старому, пацэліў немец, але дзед круціцца і так і гэтак, быццам ім кіруюць Варчыны вочы. Варцы такое не спадабалася, яна тузанула яго за рукаў шыняля:

– Ды стой жа ты!

– Стаю! – Грышка выпрастаўся, знерухомеў. – Як бачыш. А ўся аказія таму праісходзіць, што я ўсё жыццё смерць на выпрабаванне бяру: хто каго? Пакуль – я яе! Табе ўсё зразумела, маладзіца? – І крадком, бы між іншым, пагладзіў аднымі пальцамі яе па грудзях.

Жанчына разгубілася спярша, а потым строга папытала:

– Ты што гэта, дзед?

Той і вокам не міргнуў, адказаў:

– Пыл...

– Скажу тваёй Антосі, стары гуляка, то яна з цябе ўвесь пыл выб’е, – папужала Варка.

Падзейнічала, бачце вы, бо адразу Грышка замахаў рукамі некуды ў бок – толькі не гэта! Толькі не!.. Ёй – маўчок!

– Ды за словам у кішэню ты не палезеш, – парадавалася, што спалохаўся жонкі дзед Грышка, і ўсміхнулася Варка.

А стары паляпаў па шынялі, лыпнуў вачмі:

– Як палезеш? Куды? Цікава-інцярэсна, – вывернуў кішэні, пра-дэманстраваў іх не толькі Варцы – усім. – Захочаш, а не возьмеш, таму што нямецкія словы ў маіх кішэнях. Га?