Читать «Варона» онлайн - страница 32

Васіль Ткачоў

І я прапанаваў Петрыку самім арыштаваць сына Тамаша. Толькі Петрык, як заўсёды, памуляў губамі, бы конь, якому жвачка на-дакучыла, і махнуў рукой, а сам нават на мяне не глядзеў: ай, навошта? Каму трэба – разбяруцца... Вось такая ў яго ахвота разабрацца са здраднікам. А я збіраўся яшчэ з ім разам ваяваць. Звязаўся б. Доб-ра, што далей размоў справы не пайшлі. Капут ужо фрыцам хутка. Але ж адзін – таксама амаль фрыц – жыве пад самым носам у нас, а мы робім выгляд, што нічога не здарылася.

Рашылі зноў нагадаць Хвядосу пра Міцьку. Мо забыўся? І Мікіта таксама харош – толькі б ляпаў у кузні молатам. Хацелі прама сёння дзядзьку Хвядосу напомніць, а тут цётка Матруна ўлезла са сваімі грыбамі:

– Боўтаецеся па вуліцы, як бяздомныя. Схадзілі б у грыбы. Самі на сцежкі выбягаюць. Занятку для вас няма.

Трэба і ў грыбы збегаць, абяцаем цётцы Матруне. А самім пакуль няма калі: вунь і з Кастусём нешта трэба рабіць, зусім расперазаў-ся – адчувае сябе ў нашай Сасноўцы, бы ў сябе дома: высока нос трымае, калі ходзіць, і толькі пыл пырскае з-пад чобатаў. Падумаеш, цаца! Не можа быць, каб мы з Петрыкам не здагадаліся, як цябе выкурыць ад нас. Нашто тады макацёры на плячах? Для форсу? Ага, так і прызнаемся, адразу раззвонім, што і як мы будзем рабіць з тым Кастусём. Прыдумаем. А то ж – і праўда! – на гулянках толькі яго чуваць гармонік і голас. І Раісу ад сябе ні на крок не адпускае...

Паўз нас прабегла Кацярына, затрымалася толькі, каб сказаць:

– Сядзіцё? Сядзіце, сядзіце, людзечкі. А я бягу. Няма мне калі з вамі бавіцца. Міколка мой з вайны вяртаецца... На шляху сядзіць, пераабуваецца... Нагу нацёр... Зараз пабягу, чамадан дапамагу яму несці... Вельмі цяжкі чамадан у яго... І чаго толькі ў ім няма! Падаруначкі дзеткам з вайны нясе. Сяргейку пілотачку і гімнасцёрачку пад ягоны акурат расточак. Галінцы сукенку ў гарошынкі вось такенечкія... – яна зрабіла з пальцаў кружочак. – А меншанькай, Волечцы, – чаравікі... У іх яна будзе на выгане гусянятак пасвіць... І ўсім-усім цукерак... І ў паперках што, і падушачак... Сядзіць Міколка, стаміўся... Ён заступіцца, ён не дасць дзетак у крыўду... А я вось... яблычак яму нясу...

Кацярына дастала з кашаля галінкі, паднесла іх да твару спярша мне, а потым Петрыку.

– Смачныя яблычкі, – сказала яна і пайшла.

Пара было і нам у дарогу. Каб ніхто нічога не пытаўся, куды і на-вошта, узялі кошыкі, быццам па грыбы ў лес. Для прыліку. Хоць і грыбоў трэба насабіраць. Але ж тата мне гаварыў, і я добра помніў яго словы: «За двума зайцамі, Колька, ніколі не ганіся: ніводнага не зловіш». Толькі, праўда, не такія тут ужо і зайцы, калі разабрацца. Патлумачу. У Канаве, гэта вёска побач з нашай, жыве стары Астап, а ў яго, кажуць, ёсць гармонік. Нават быццам на гарышчы ляжыць. Ці ў пуні. Псуецца толькі. Сам ён даўно ўжо не грае – стары, пальцы не слухаюцца, а нам гармонік быў бы самы раз. Толькі як яго выпрасіць? Упрэцца, як слон, і не ўступіць: і сам не гам, і іншым не дам. А даць яму нешта за той гармонік – не дасі: акрамя парток у нас нічога няма.