Читать «Варона» онлайн - страница 31

Васіль Ткачоў

– Ці не Пятро! Ці не ў мяне, га? Людзі! Усё, усё паспявае рабіць на вайне! Хвядос! Мікіта! Во ў каго павучыцца трэба! Перадавы – на перадавой! Га? Ну і Пятро! І хрыца б’е, і на любоўным фронце ў перадавіках – круглы выдатнік!

Усе глядзелі на старога, і твары людзей таксама свяціліся шчасцем.

– Малайчына! – сказаў коратка Хвядос.

– Толькі б вярнуўся... – ціха сказала бабка Антося.

Дзед Грышка з ёй не пагадзіўся, ён быў больш катэгарычным:

– Э-э-э-э! Ён да Берліна дойдзе і вернецца! Яму цяпер абавязкова трэба дайсці... І да Берліна, і назад, да гнязда свайго, да хаткі... Вунь яна, хатка... – стары паказаў рукой у той бок, дзе было ягонае жытло.

І ўсе сказалі, што дойдзе.

«Да хуткай сустрэчы. Цалую. Абдымаю. Ваш сын – Пятро». Я склаў пісьмо і падаў бабцы Антосі, яна прыціснула яго да сябе:

– Адзін ён у нас, Пецька... Адзін... Зберажы яго, Божа, зберажы... Якаў у грамадзянскую загінуў... Зусім хлопчыкам быў... Куды, пы-таю, ты, Яша, сабраўся? За Савецкую ўладу ваяваць – адказвае. Пайшоў – і не вярнуўся... Міцьку кулакі з абрэза застрэлілі... Вярніся, Пецька, вярніся...

Бабка Антося плакала, дзед Грышка суцяшаў яе:

– Будзе табе, будзе. Супакойся. Пятро вернецца. За ім там цяпер і нагляд ёсць – Зінка. – Стары паляпаў молатам па накавальні. – Антося-я! Хопіць, сказаў!

Яна нічога не адказала свайму дзеду, а моўчкі павярнулася і пайшла з кузні, трымаючы пісьмо на грудзях. Мікіта ўздыхнуў і папытаў у Грышкі, дзе старое вядро, якое ён прасіў раней некалі залудзіць.

– Давай, давай... сёння дзень такі... раней рукі да вядра не даходзілі.

– Ну, добра, а я ў полі буду, – сказаў Хвядос і таксама выйшаў з кузні.

– Пастаў на віднае месца вядро. Сёння адрамантую. Сёння свята ў цябе...

Але дзед Грышка не спяшаўся ставіць вядро на тое віднае месца, а доўга разглядваў яго, а тады зачапіўся вокам за тую маленькую дзірачку, што была ў дне і праз якую сачылася вада. Глядзеў у тую дзірачку і казаў:

– Маленькая, а свет бачыцца. Калі блізка да вачэй паднесці. Ей-богу, усё бачу! Вунь Лізавета па вуліцы з касой на плячы шыбуе. Як малодка. Іш! Іш! Круць-верць! Туды-сюды! – Ён таксама крутнуў адным месцам, але адразу ж зморшчыўся ад болю. – Ой! Ой! Забыўся!.. Цьфу! Куды гэта яна? Да Варкі. Стаяць, размаўляюць. Тамаш? Тамаш. Ён. А куды ж яго нячыстая панесла? Куды ж гэта ён? Галаву звесіў, ад зямлі не адрывае, усё роўна як дарогі не ведае. Баіцца, павінна быць, каб у ямку нагой не трапіць... Эх-ха! Калі б можна было Пятру майму вось у такую хоць дзірачку паглядзець... Няхай бы ён убачыў, як у нас тут усё цвіце... як у нас тут хораша... як мірна тут...

Мы дапамаглі дзеду Грышку дакандыбаць да сваёй хаты. На развітанне стары сказаў:

– Дзень сёння добры выдаўся. Сам з печы злез. Пісьмо прыбыло. І вядро ёсцека...

Мы пагадзіліся.

8. ГЛУПСТВЫ

Час ішоў, а ў нас навін, лічыце, аніякіх. Пра Міцьку – бы вады ў рот набралі. Хвядос з Мікітам робяць выгляд, што нічога не адбылося, маўляў, не чулі і не бачылі. Хітруны старыя. Любяць паказаць сябе камандзірамі – каб усе толькі перад імі і скакалі. Мы самі з Петрыкам маглі б скруціць дэзерціра і даставіць, куды трэба. А ку-ды? У раён, канешне ж. Да Козырава. Ці, можа, яшчэ да каго, хто вышэй сядзіць, чым ён. Знайшлі б адрас. Але дзядзька Хвядос не дае пра Міцьку нават заікнуцца. І што, цікава, яны надумаліся з ім рабіць? Можа, спадцішка ад нас, хлапчукоў, хочуць яго ўзяць? А мы ж – што, павінны ў шапку спаць?