Читать «Варона» онлайн - страница 29

Васіль Ткачоў

– Ну і фантазёр жа ты! – махнула рукой Варка і паглядзела на дзверы.

– Знімі, Грышка, – зачапіў шынель зноў дзядзька Хвядос.

– Дык паабяцаў жа! Паабяцаў! – зняў той нарэшце шынель і шпур-нуў яе ў кут. – От далася ж вам мая трафея!

Ужо пакідаючы кузню, Варка сказала:

– Добра з вамі, ды некалі. Пайду я: касу направіць трэба. Дык што, Хвядос, заўтра на пакос?

– На пакос, на пакос, Варка, – кіўнуў Хвядос, перахапіў з рук Мі-кіты молат і загэкаў ім па кавалку жалеза, з якога нешта пачынала атрымлівацца падобнае на ручку плуга, а да Мікіты сказаў, хітрую-чы: – Чуеш, і доўга ты яшчэ бабылём хадзіць будзеш? Можа, вунь Варка па табе сохне, га?

– А сам далёка пайшоў? – не праслабіў і Мікіта. – Ды Варка і заходзіць да мяне не з таго боку. На правае вока я не бачу... – І ён загадаў Хвядосу: – Весялей ляпай, старшыня!

Дзед жа Грышка ўбаку ад гэтай сцэнкі не застаўся:

– А што, Хвядос, з’еў? Х-ха-ха-ха-ха-а-а-а!

– Атрымліваецца, што так. З’еў.

А тады Грышка сказаў больш сур’ёзна і разважліва:

– Ты ўжо даруй, старшыня, што да кузні прыліп. Усё хрыц той нягоднік напракудзіў. Ён, халера! І трэба ж было яму па тым месцы, на якім сядзець прадназначаецца, шандарахнуць! І часу прайшло, здавалася б, багата, а муліць...

Калі заціх смех, Мікіта заўважыў:

– Добра яшчэ, што па тым... Там усё ж мяса паболі.

Стары жарт не зразумеў:

– А цябе куды? У тое месца, дзе памені?

І тут пачуўся голас бабкі Антосі:

– Грышка-а! Паразіт стары-ы! Грышка-а-а!

Грышка захваляваўся, і такое было ўражанне, што ён не ведаў, куды схавацца ад сваёй старой, і ўрэшце рэшт гопнуўся на бервяно каля мяне:

– Пасунься, Колька! – І, вытрымаўшы паўзу, выхапіў у мяне малаток, падняў з зямлі нейкую трэску і пачаў ляпаць па ёй. – З магілы выкавырне. «Грышка-а!» На хвілінку нельга адвярнуцца. А як было, што на вайну хадзіў? І нічога! Мужыкі, што гэта яна разгрышкалася, га?

– Нешта спатрэбіўся ты ёй, – адказаў Хвядос. – Без патрэбы не клікала б?

А неўзабаве і бабка Антося ўляцела ў кузню, заківала на свайго Грышку:

– Я яго і тут, я яго і там, а ён во дзе! Бяздомнік стары! Зусім ад хаты адбіўся. Ну скажыце, людзі! Адны лапухі на печы, а яго і след не пахне. Няма! Табе ж ляжаць трэба. Што ты тут робіш?

Дзед Грышка надзьмуўся, прасіпеў, бы раздражнёны гусак:

– Хопіць пры людзях-та! Цыц! Ты чаго, мякіны аб’елася?

– Ён яшчэ і здзекуецца! Ён яшчэ і яршыцца! – бабка Антося таўкнула старога кулаком у спіну.

– Мужыкі! – дзед Грышка ўзняўся з бервяна, адмахнуўся. – А вы, а вы куды глядзіце? Хвядос! Мікіта! Ой! Смала! Яна ж горш за самага злоснага немца! Ой! Ды ты што па спіне лупцуеш, га, Антося? Грышка пры выкананні... пры справе твой Грышка... Спыніць!..

– Няхай, Грышка, баба твае косці старыя хоць трохі разамне, – параіў Мікіта.

Баба Антося раптам абняла дзеда Грышку, пацалавала ў лысіну, потым на тое месца зноў насунула аблавушку, а сама, гледзячы некуды далёка-далёка – міма, здавалася, нас з Петрыкам, міма Хвядоса і Мікіты, міма свайго дзеда, – прашаптала: