Читать «Варона» онлайн - страница 27

Васіль Ткачоў

Але ж нам цікава, колькі стары ляжаў на печы, тое самае месца грэў-лячыў. Адказ і на гэтае пытанне ў Грышкі гатовы, далёка хадзіць за ім не трэба – на языку боўтаецца:

– Лячыў, браты-славяне. Што лячыў, тое лячыў. Хлусіць не буду сябрам па духу, – дзед устаў, як заўсёды, войкаючы і ахаючы, прайшоўся па кузні туды-сюды, цяжка пераступаючы нагамі. – Бачыце? Фашыст пракляты, а! А цяпер во як надвор’е змяняецца, то і дае мне знаць кантузія. Хоць плач. Але мы не з такіх, не-е!..

– Так ужо і кантузія! – смяецца Петрык. – Таксама скажаце. Аб дрэва падрапаўся, можа, а форсу!..

– Ну, ну! – прыгразіў пальцам дзед Грышка. – За свае словы адказваю. Мне лішняй славы не трэба. Як і чужой. Ужо і касіць пара, а хіба ж замахнешся, скрыўлены калі? Факт, не.

У кузню зайшлі Хвядос і Мікіта. Калі яны ўбачылі тут Грышку, іх твары пазначыліся прыемнымі ўсмешкамі. А Хвядос нават сказаў, весела і бадзёра:

– Святлей стала ў тваёй кузні, Мікіта!

Мікіта падтрымаў яго хітрасць:

– Ды бачу, бачу!

Дзед Грышка, лыпаючы вачыма, зняў шапку з галавы, папляваў на далонь, прыгладзіў кудзеркі на лысіне і папытаў, ніякавеючы:

– З чаго б... ага, значыць... святлей? Не павінна б... прыкрыта... прыхінута...

Хвядос патлумачыў:

– Ад аднаго твайго з’яўлення, Грышка.

– Дзякуй за ўвагу да маёй персоны. Прымаю.

– Выкарабкаўся? – Мікіта пачаў тузаць горан за матузок, і ён аш-чэрыўся жарам.

– Х-хе! «Выкарабкаўся». Пытанне, наколькі я разумею, тычыцца мяне?

– Цябе, цябе. Хварэў жа, кажуць.

– А то я, Грышка, не ў лапцях швэндаю!

Хвядос раптам больш уважліва прыгледзеўся да старога, затрымаў на ім свой позірк, а тады паглядзеў на Мікіту:

– Пачакай-пачакай! Ты што гэта, дзед Грышка? Каму служыш?

Грышка зморшчыўся:

– Пакуль яловыя нашы справы. Таму служу толькі печы. Абваст-рэнне. Старыя баявыя раны даюць пра сябе знаюць. Ныюць, калі ім нешта не па нутры. Так, так. А выпрамлюся, пачну калгасу служыць. Як і раней. Як і заўсёды.

– Грышка зубы замаўляць вялікі майстар, – усміхнуўся Мікіта. – Бачыш, як хвастом віляе. Быццам не здагадваецца, пра што ты яму намёк даў. Хітрун стары. Але нічога, нічога, дзед: без такіх, як ты, мы б зачахлі, азызлі... Мацуйся, дзед Грышка! А шынель здымі. Хвядос тут праўду табе гаворыць. А то што ж атрымліваецца? У нашай шапцы, прытым камандзірскай...

– Камандзірскай, камандзірскай, – пацвердзіў Грышка і палапаў дрыготкімі пальцамі галаву.– Твая праўда. Правераная шапка: узімку добра грэе, а ўлетку спёку не падпускае да лысіны.

Мы толькі цяпер ўбачылі, што ў дзеда новая шапка.

Мікіта ж працягваў, шморгаючы матузком і не зводзячы вачэй са старога:

– У сялянскім абутку і ў фашысцкім шынялі. Незразумела!

Грышка не на жарт натапырыўся:

– А мацерыя хіба ж вінаватая, што яна спярша не на тыя плечы была пашытая? Га? У яе ж языка не маецца, як яна за сябе заступіцца? – стары паціснуў плячыма, павадзіў галавой вакол сябе, шукаючы, мусіць жа, падтрымкі, спагады. – Ды і грэе. Хаця і лета, а касцям зызка.