Читать «Варона» онлайн - страница 26

Васіль Ткачоў

– Вахту, Кольча, цікава-інцярэсна, нясём?

Петрык глядзіць на мяне, я – на Петрыка: пакуль мы да яго, дык ён да нас першы. Не ўгонішся за гэтым дзедам. Хоць і хварэе быццам.

– Гэта ты, дзед Грышка? – вырвалася ў мяне.

– А як жа – мы! Собсцвеннай персонай! – стары пашукаў вачыма, на што б сесці, убачыў цурбан, асцярожна апусціўся на яго. – Дык я вам той раз, хлопцы, не дагаварыў...

Петрык прыгадаў:

– Так, так, помнім, было. Яшчэ і сказаў: за мной не стане.

– Таму спецыяльна і прыйшоў, – схлусіў, канешне ж, дзед. – Я не люблю слоў на вецер кідаць.

– Спецыяльна? – не паверыў я.

– А то як жа! Спецыяльна, спецыяльна. Ледзь адшукаў вас. Гукаў, гукаў, ажно ахрып. А вы вось – пры справе, бачу.

Хлус які! Ён гукаў. Таксама скажа. Каб гукаў, то пачулі б. Петрык так яму прама ў вочы і сказаў:

– Ой, дзед, ды хлусіш ты.

Грышка замахаў на нас рукамі:

– Грышка не такі! Не! Што вы! Дык на чым я тады спыніўся? А-а, як мы драпака задавалі. Унось ногі, пакуль відаць дарогі, адным словам! Не чакаць жа, пакуль немец ачомаецца, і як драпа-а-нулі!

Не зразумееш гэтага дзеда – з кім, адкуль драпаў? Ці, можа, гэта было яшчэ на той вайне? Але каб дзед зусім не заблытаўся, сядзім моўчкі, слухаем – пытанні, калі будуць, пакідаем на потым.

А дзед працягвае:

– Але ж трэба і сляды замятаць. Ляцім паміж дрэў, галовы за-драўшы, уцякаем, значыцца, з Яфрэмам...

Ага, вось з кім – з Яфрэмам. Гэта ж такі ваяка, як і дзед. Калі не мудрэйшы.

– Каб хоць ствол які меўся на ўзбраенні, то можна было б развярнуцца, бабахнуць. Чую толькі, пагоня за плячыма. Адно зямля дрыжыць...

Петрык усё ж не вытрымаў, папытаў:

– І ўцяклі?

– Хто – мы? – здзівіўся дзед Грышка. – На адной назе. Ды і не ўцякалі мы, а вярталіся з баявога задання...

Во як! Дзед Грышка за свае подзвігі мала не возьме. Папытаў і я:

– Дык гэта... немец адстаў ці вы закружылі яго?

На твары старога было столькі гонару, што яму нічога не заставалася зрабіць, як адразу ж адказаць:

– Закружылі, брат! Закружылі! Ён, вядома, страляў у нас, але паспрабуй патрапіць, калі мы выкрунтасы рабілі мудрэй за шаракоў. Той хрыц яшчэ пад стол пехам хадзіў, калі я ў гэтым лесе кожнае дрэўца знаў. Як ён мяне возьме там? Якім метадам? Але ж адна куля, халера, зачапіла ўсё ж... За тое месца, на якім сяджу... Так што і мы, можна сказаць, паваявалі з Яфрэмам. Худа-беда, а гранату ў грузавік шпурнулі. Адну на дваіх. Шкада толькі, што ўсяго адзін хрыц і ехаў у тым грузавіку. Сапсавалі гранату.

– А калі ж гэта было? – цікава мне зрабілася, бо нешта пра гэта ў нашай Сасноўцы ніхто не заікаўся нават: каб здзейсніў такое геройства Грышка, не толькі б наша вёска ведала, а і ўсе, што паблізу. Хадзіў бы і плакаў: сапсавалі гранату... сапсавалі гранату... сапсавалі гранату... І кожнаму б расказваў – як сапсавалі, калі, дзе... А то ж – маўчок.

– Ды было гэта, братка, ці то трэцяга чысла, ці то пятага ў жніўні сорак першага года... – прыгадвае стары, наморшчвае лоб. – Але што было, тое было. Грэх браць на сваю душу не буду. А пра заданне сказаць нічога не магу – было сакрэтным. Кляўся не балаболіць. Так што, арлы, даруйце...