Читать «Варона» онлайн - страница 25

Васіль Ткачоў

– Эх, работнічкі! Праўду кажуць: гультай за дзела – мазоль за цела.

Але мы не крыўдуем на яе, таму што цётка не можа схаваць радасці: працаўнікі растуць, а што да мазалёў, дык а як загартуеш рукі, не натрудзіўшы іх. І яна запрашае нас да стала:

– Ідзіце ешце, калодзежных спраў майстры! Ды хоць сёння ўжо не бегайце – адпачніце, натаміліся ж, бачу.

Ага, натаміліся! Ніколечкі. Яшчэ і заўтра будзем дапамагаць да-рослым. Узяўся, як кажуць, за гуж, то не гавары, што нядуж.

Канешне, усю зямлю вычарпалі ў першы дзень, і на другі нам мала што засталося рабіць. Так, дробязі: прынясі-падай. То сякеру, то малаток, то кавалак дроту...

А пад вечар зноў толькі і было чуваць Кастуся – нібы не мы, а ён сядзеў у калодзежы і вось толькі што вылез адтуль, таму ніяк не мог нагаварыцца. Падаў Кастусь і галоўную каманду:

– Цэбар!

І трымаў працягнутую да Раісы руку, пакуль яна не падала яму тое, што прасіў. Кастусь хуценька прымацаваў цэбар, пад вясёлыя галасы людзей апусціў у студню... Хвіліны чакання паўзуць марудна, а Кастусь, да таго ж, яшчэ і не спяшаецца выцягваць цэбар з першай вадой з новага калодзежа. Балбоча, пацяшае ўсіх. Ваду, ваду падавай, танкіст. Нарэшце! Выцягвае і паведамляе, што гэта вада, нібы мы самі не бачым:

– Чыстая, людзі! Як сляза! Ну, хто першы?

– Колька хай першы, – падштурхнула мяне бліжэй да цэбара Раіса, я памкнуўся наперад і пацягнуў за рукаў кашулі за сабой Петрыка.

– Так, так, няхай дзеці першыя паспрабуюць Хвядосавай вады, – на самы ўрачысты момант сабраліся і жанчыны, і адна з іх, Варка, таксама падштурхнула мяне бліжэй да цэбара. – Тады тут вада заўсёды чыстая будзе... маладая і свежая...

Вада была смачная – салодкая, халодная, так і піў бы яе нагбом, не адрываючыся, але ж і Петрыка трэба падпусціць, ён ужо нават прыспешвае:

– Хутчэй, не адзін ты...

Калі я выцер вусны, Кастусь папытаў:

– Смачная?

– Вельмі! – адказаў я.

Кастусь жа, зрабіўшы пасля ўсіх некалькі глыткоў, зачэрпнуў жменяй прама з цэбара вады і расплёскаў яе ў паветры ўсімі колерамі вясёлкі, а потым, пашукаўшы вачыма Раісу, абліў яе. Тая ў даўгу не засталася – сарвала з галавы хустку, адшлёгала ёю танкіста.

– А вось табе! А вось!.. – і бачылі б вы, як свяціліся ў яе вочы, калі давала рэшты Кастусю.

– Мяне? Танкіста? – спярша быццам бы адбіваўся Кастусь, а потым набраўся смеласці і на вачах ва ўсіх прыгарнуў дзяўчыну да сябе, цмокнуў у шчаку.

Ну-у, нахабнік! Раіса вырвалася, запунсавелася і паглядзела на Кастуся так, быццам з’ела нешта кіслае:

– Людзі ж!..

Гэта яшчэ добра, што дзядзька Хвядос рабіў самакрутку і не глядзеў на гэтыя гульні.

А Кастусю таму хоць бы хны, яшчэ і – чуеце? – не можа цішэй размаўляць, на ўвесь двор:

– Ну і што! Вакол нас заўсёды былі і будуць людзі! І мы сярод іх! І мы!..

Не, з гэтым Кастусём нешта трэба рабіць. Ды і з Раісай, відаць, таксама.

Даабліваюцца.

7. КУЗНЯ, ДЗЕД ГРЫШКА І МЫ

Даўно не было відаць дзеда Грышкі, мы ўжо і сумаваць пачалі па яму, таму дамовіліся схадзіць праведаць старога. Аднак не паспелі – заходзіць якраз у той дзень, накульгваючы, на кузню і адразу пытае ў мяне: