Читать «Варона» онлайн - страница 24

Васіль Ткачоў

Пакуль мы шкрабалі лыжкамі ў місцы, з’явіўся гарманіст Кастусь. Яшчэ гэтага не хапала. У мяне адразу прапаў апетыт. Зараз зноў пачне падлабуньвацца да Раісы, а горш за ўсё – адпіхне мяне і сам палезе ў калодзеж, і як заўсёды будзе прыгадваць, што ён у танку гарэў на Курскай дузе, а тут калодзеж нейкі... Пусціце, скажа. І хіба ж такога не пусціш? Як адолееш такога? Во, во, ледзь не за стол лезе. Але ў нас больш лыжкі няма. Усяго тры. І ўсе занятыя.

– Давай, давай, Колька! – Кастусь паклаў руку на маю шыю, прыгнуў галаву да міскі. – Як палопаеш, так і патопаеш. Гэта табе не махру цібрыць у пяколку Хвядосавым.

– Ён не курыць, – заступіўся Хвядос.

– Так, так, яшчэ рана: соплі падпаліць.

Петрык хмыкнуў. Кастусь зрабіўся сур’ёзным, паглядзеў на дзядзьку Хвядоса:

– Ну што, будзем пачынаць? А там і Мікіта падыйдзе. Ды і нас тут ажно чацвёра. Будзе калодзеж!

Глядзі ты, і нас з Петрыкам палічыў. Ад гэтага настрой крыху палепшыўся.

Калі сабраліся ўсе мужчыны, якія памеліся выкапаць на двары дзядзькі Хвядоса калодзеж, Кастусь, як заўсёды, выскачыў наперад – зноў жартаваў, баіў, сыпаў показкамі – паспявай толькі запамінаць:

– Працуй, Мікіта, будзеш есці дасыта!

Мікіта ўдакладняў, усміхаючыся куточкамі вуснаў:

– Піць, піць дасыта: калодзеж жа робім.

– А суп як без вады згатуеш? А кашу? А бульбец наш родны? Як, дзядзька? – не здаваўся Кастусь.

Але і Мікіта не зломак, за словам у кішэню не палезе, тут жа адказвае:

– Паясі ты таго супу ў Хвядоса – разяўляй рот шырэй! Жонку прывядзе ў хату, а там дзяцей пачне стругаць, як вось сёння зруб – толькі стружкі будуць ляцець. Бачыце, бачыце, як сякера ў ягонай руцэ спявае! Ён майстар! Так што не ўхопіш у Хвядоса.

Кастусь падбадзёрвае:

– Гэй, Хвядос, вышэй нос! Кожны палкаводзец будуе свой калодзец!

Дзядзька Хвядос усміхаецца: і прыдумаў жа – палкаводзец! Да радавога прыляпіў такі высокі чын. Хоць тут, на сваім двары, кім заўгодна можна стаць, ці не так? Гэта ж не сапраўдная армія. Балбачы, балбачы далей, Кастусёк! А яму што – была б прычына. А тут якраз і Раіса жэрдку цягне да будучай студні. Атрымлівай ад Кастуся, тым больш, што каго-каго, а цябе ён ніколі і нізашто не праміне:

– А-а, Раюха, жытнёвая краюха!

Дачакаліся і мы з Петрыкам, калі нас па чарзе асмеліліся мужчыны апускаць у калодзеж чэрпаць зямлю. Прыемна! На дварэ сонца паліць, а там цягне прахалодай, ажно спіну халадком кранае. Але ўсё гэта дробязі ў параўнанні з тым, што мы робім! І нічога, што ўвечар мы разглядвалі на сваіх далонях пухіры, на якія маці Петрыка заўважыла: