Читать «Варона» онлайн - страница 23

Васіль Ткачоў

Тамаш адвярнуўся, безнадзейна махнуў рукой.

Ну і які з яго, і сапраўды, салдат атрымаўся б, з Дзмітрыя? Глядзець смешна. Пудзіла агароднае – і тое лепш выглядае, ды і вароны яго палохаюцца. А хто спалохаецца Дзмітрыя? Мы з Петрыкам? Ніколі! Хоць выйсці мы ў той дзень з Петрыкам са свайго сакрэту не асмеліліся, але на тое былі іншыя прычыны – не хацелася яшчэ больш насаліць Тамашу. Яму тады і так зашмат хапіла. Няхай думае Тамаш, што пра яго бяду ніхто ў вёсцы не ведае.

А Міцьку, каб не бацька, – ух і далі б! Кулакі ў нас так і свярбелі.

6. КАЛОДЗЕЖ

Пра Міцьку мы з Петрыкам дзядзьку Хвядосу і заікнуцца не паспелі, ён спярша спадылба паглядзеў на нас, а потым так гыркнуў, што я нават і не паверыў, што то быў не хто іншы, а дзядзька, з якім я сплю на печы пад адным шынялём, ем крупнік з адной міскі і лічу яго вельмі блізкім і нават чамусьці родным чалавекам. Гыркнуў і сказаў усяго адно слова:

– Цыц!

Але больш слоў, відаць, і не трэба было – мы і так усё зразумелі: варта накінуць на рот замок і пасопваць у дзве дзірачкі – дарослыя ўсё ўжо ведаюць. Яны разбяруцца. Пасля гэтага гырканная і так відаць, што тут да чаго. Нам жа дзядзька Хвядос загадаў:

– Да стала! А потым будзем калодзеж рабіць.

Здорава! Я даўно чакаў гэтага, бо дзядзька паабяцаў, што спусцяць у зруб мяне на вяроўчыне і я, як самы малы і вёрткі, буду падаваць у якой-небудзь пасудзіне з самога дна, дзе б’юць-струменяць крыніч-кі халоднай вады, зямлю.

Канешне, а хто яшчэ справіцца з гэтым? Дзед Грышка? Ой, не смяшыце мяне. Петрык таксама дапаможа, але ж гэта не яго калодзеж, а наш з дзядзькам Хвядосам, і мы яго будзем рабіць для сябе. А потым ужо складзем зруб хаты. Вось толькі абмалоцяць людзі жыта, якое пасеяў дзед Грышка з жанчынамі, зямлю ўзаруць... Доўга чакаць, калі за хату трэба будзе брацца. Там, не міргнеш, і белыя мухі паляцяць. Але дядзька Хвядос верыць, што будзем зімаваць мы не ў зямлянцы, хоць зямлянку мы і добрую зрабілі, а ў новым жытле. А калі верыць ён, то веру і я.

– Талакой, брат Колька, можна што хочаш зрабіць.

Паглядзім, што там за талака такая. А пакуль мы сёрбаем варыва ўсе ўтрох з адной міскі, а дзядзька Хвядос глядзіць на Петрыка і пытае:

– Як мама, Петрык?

– Добра...

– Не хварэе?

– Ужо не.

– Скажы, няхай дапамагае, калі можа, будаваць новае жыццё.

– Скажу.

– Цяпер нам кожны чалавек дарагі. Накажаш ці мне зайсці самому?

– Не трэба. Я сам.

У Петрыка мама – не цаца: ручнік той – хварэе яна ці не хварэе – увесь час вісіць на плячы. Ледзь што не так, адразу пускае яго ў ход. Петрык і не хаваецца: прывык. Некалькі разоў дасталося і мне. Падвярнуўся не ў самы зручны час. Атрымаў па спіне. Ай, дробязі – бы камар укусіў. А чаму было і не атрымаць, калі самі вінаватыя. Пачалі хваліцца, што мы ўжо ледзь не героі... Але якія мы героі, нам сказала Петрыкава мама: «Смаркачы!» Яна нейкае там яшчэ слова дадала, больш выразнае, але яго ўслых сорамна вымаўляць, таму мы хуценька і «забыліся». Хопіць і аднаго. А яшчэ неяк цягнула яна нас у лес, каб паказалі, дзе прыкапана зброя, але мы не паддаліся – вырваліся і ўцяклі. А самі доўга баяліся ісці ў вёску, сядзелі ў лесе і думалі-гадалі: хто ж нас выдаў? Усе быццам бы свае, сяб-руюць з намі, а тут такое!.. Не, правільна гыркнуў толькі што на нас дзядзька Хвядос. Хто-хто, а ён у людзях лепш разбіраецца, чым мы з Петрыкам. Ды што мы! Чым усе, можа, нашы вяскоўцы адразу, во! Старшынёй калгаса абы-каго не выберуць. Так-так, яго нядаўна абралі старшынёй. Прыязджаў на гэты раз на фурманцы райкомавец Козыраў, а не прыходзіў, як раней, і правёў сход. Нас на сход не пусцілі, але і так зразумела: Мікіта будзе цяпер толькі кавалём, а два партфелі яму цяжка несці. Гэта быццам ён і сам так сказаў.