Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 90

Васіль Ткачоў

– Грамада! З вамі гаворыць прадстаўнік новай улады, узаконены вялікім фюрэрам. Паказваць дакумент не буду, вось ён – я: каму трэба, глядзіце. А цяпер – слухайце сюды! Калі вы будзеце мяне ўважліва, як на ўроку ў школе, слухаць і я не буду паўтарацца, тады, думаю, я доўга вас не затрымаю. Такі ўгавор стаўлю.

– Супчык шчэ нам угаворы ставіць, парасячая морда, – буркнуў Нупрэй. – Ну, ну, давай мянці, паслухаем, калі ўжо сабраліся. Балаболь.

– І так-с, – працягваў Вітух, – пераходзім да канкрэтнай і важнай справы, для чаго я вас і сабраў. Новая ўлада даводзіць да вашага ведама, што ў Хатоўні будзе стаяць наш гарнізон.

– Чый гэта – наш? – не зразумеў Платон і павярнуў вуха прама на Вітуха.

– Хіба ты, Платон, не бачыш, пад чыю дудку ён скача? – шапнуў Нупрэй

Паліцай жа працягваў:

– А таму я вымушаны, грамада, заявіць: да высокага начальства павінны аднесціся мы чынна і разумна. Раю вітаць...

– Картуз мо загадаеш заламіць? – зноў пачуўся Нупрэеў голас.

– Масла ў каго там завядзецца, яйкі, свежае мяса – усё, напамінаю, будзе вашым лепшым падарункам высокаму начальству, – працягваў Вітух. – Напамінаю і пра дысцыпліну. Адно трэба: пад-па-рад-ка-ван-не! І, крый гасподзь, ніякога благога намеру. Без гэтага, значыць!.. Што гэта я далей хацеў сказаць? Ага! Лясныя бандыты, якія не жадаюць свайму народу лепшай долі, могуць агітаваць таго-сяго... хто, вядома, слабы душой і целам... для гіблых спраў. Не раю. Ад усяго зямляцкага сэрца кажу: не раю.

– Вяроўчыну б яму на шыю накінуць ды сцягнуць з грузавіка, хамло такое! – усё больш і больш распальвалася нянавісць на паліцая у дзеда Нупрэя. – От жа ірад!

Лявон Кончык шапнуў на вуха млынару, каб не хваляваўся ён асабліва: шыя ёсць, а вяроўку знойдзем. І дзед, здаецца, крыху супакоіўся, стаяў моўчкі.

– Літасці не будзе, калі вы не так зразумееце мяне, а ў маёй асобе – новых гаспадароў.

– Асоба! – не стрымаўся ўсё ж дзед, хоць і пакляўся сам сабе маўчаць, не выторквацца, а потым глянуў на Лявона Кончыка, даў зразумець таму, што ўсё, больш ні слова, што хоча, тое няхай і мянташыць паліцай сваім брудным языком. Завязаў з крытыкай.

Паліцай папрасіў мужчын застацца, астатнім даў вольную. Натоўп варухнуўся, і раптам усе пачалі разыходзіцца – не паслухаліся яго мужчыны. Вы бачылі такое! Паліцай скамандаваў спыніцца.

– Нам трэба жадаючыя. Ёсць такія ці не?

– Спярша кажы – навошта, што рабіць? Га? – падставіў зноў вуха пад голас паліцая Платон.

Як высветлілася, трэба было рамантаваць кантору, прыстасоўваць яе пад штаб, і паколькі ахвотнікаў не знаходзілася, Вітух пачаў тыкаць у натоўп пальцам:

– Ты! Ты! Ты!..

Дзеда Нупрэя ён абмінуў, на Платона нават не глянуў. Палец стрэліў на Лявона Кончыка.

– Каго назваў – застацца! Астатніх, каб і духу не было. Марш адсюль. Ды глядзіце ж мне! – І бобік, задаволены, відаць, самім сабой, апісаў круг на абцасах ботаў, запыленых і вялікіх, а потым загадаў разабрацца мужчынам у адну шарэнгу. Па росту.

Дзед Нупрэй, перш чым пакінуць Лявона сярод «давераных і добрых спецыялістаў», вылучыў момант і паўшэптам сказаў яму: