Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 88

Васіль Ткачоў

Бачыў ён і як хлапчукі ўзялі кірунак у бок Жавінніка. Дзед адразу змікіціў, куды і навошта яны рушылі. Прыгадаў ён учарашнюю гамонку каля ветрака, і паход той неспадзяванкай для яго не быў. Нупрэй ажно падкруціў, бы кнот у газоўцы, свой тонкі вус, хітравата прыплюснуў вочы і падумаў: «Ці ж я не глядзеў наперад? Глядзеў, нават ў два вокі. Так яно і ёсць – патэпалі, жэўжыкі, у лес, патэпалі. Падбітыя машыны, канешне ж, ім ноччу спаць не далі. Але ж няхай сабе і палюбуюцца, нікому не забаронена, а малечы – тым болей...» І ўжо услых, нібы яго хто і сапраўды чуў, сказаў:

– Толькі, хлопцы, асцярожней будзьце. А то вушы надзяру, як сваім дзецям некалі! Каб не думалі!..

Калі пачуўся гул грузавікоў, стары стаяў якраз на падворку і глядзеў у той бок, дзе зніклі хлапчукі і адкуль насоўваліся на сяло плюскатыя машыны. Яны раўлі і чмыхалі, нібы ў іх былі насы і туды трапіў ненарокам моцны Нупрэеў самасад. А-а-апч-хі-і! «Зноў прыпёрліся!» Стары схаваўся ў хаце – глядзець на немчуру ў яго не было асаблівай ахвоты, хоць пазней закарцела: што на гэты раз яны, нехрысці, прыдумаюць? Куры ж так хутка не растуць, як яны зачасцілі.

– Ці схадзіць? – нясмела глянуў на старую Нупрэй.

– Схадзі, а потым і мне раскажаш...

Грузавікі спыніліся перад старэнькім драўляным домам, да вайны ў ім была калгасная кантора. Салдаты, нібы гарбузы з вялікага каша, пасыпаліся на зямлю. Сярод іх Нупрэй адразу пазнаў паліцая Вітуха – ад усіх ён вызначаўся чорнай формай і павязкай на рукаве. Немцы былі ў шэрай,няйначай суконнай, форме: рукавы закасаны, а ў руках аўтаматы і на баку рабрыстыя жалезныя біклажкі. Паліцай адразу ўбачыў старога, ускінуў руку: бач ты, вітаецца, нягоднік, сябра знайшоў. А тады і доўга не прымусіў ён чакаць сябе – тут як тут, дыхае у твар Нупрэю перагарам і цыбуляй:

– Рыхтуй, дзед, вятрак. Бачыш, колькі людзей карміць трэба.

– Дык а яны што, без хлеба прыехалі?

– Не тваё саплівае дзела! Іспалняць будзеш!..

– А то б Гітлер укінуў кавалак у торбу кожнаму – як жа ён так адправіў, не снабдзіўшы. Я сена касіць еду ў луг, то Пелагея мая і накорміць і на дарогу пакладзе. Дарога ж няблізкая.

– Пагавары мне!..

Вітух махнуў на дзеда рукой, маўляў, з табой, старэча, мы потым разбярэмся, пра хлеб гаварыць яшчэ рана. Сёння трэба абсталяваць жыллё для нямецкага камандзіра – тут, у Хатоўні, будзе стаяць нямецкі гарнізон, і ў былой калгаснай канторы нехта вырашыў размясціць штаб. Калі дзед Нупрэй даведаўся пра гэта, ён са злосцю плюнуў і сказаў гучна:

– Цяпер вырадкі гэтыя жыцця не дадуць, ліха іх матары!

Стары млынар агледзеўся па баках. Нямецкія салдаты маленькімі кучкамі – па тры-чатыры чалавекі – сядзелі на траве, падкурчыўшы ногі, паабапал сваіх грузавікоў. Курылі, гергеталі. Між іх важна мерыў шырокімі крокамі зямлю Вітух. Бобік нервова і фарсіста раз-праз выцягваў з кішэні круглы, з алтын, гадзіннік, падносіў яго да вока, умысна трымаючы блішчастую рэч на далоні – каб бачылі – і зноў паглядаў ва ўсе бакі, падкрэсліваючы важнасць моманта. Людзі не надта спяшаліся на сход, хоць і была каманда. Толькі дзеці ляцелі, галовы задраўшы. Ім, дзецям, што: ці на артыстаў цырка глядзець, ці на варожых салдат, – абы нешта зацікавіла. А немцы ж, бач, на гармоніку пілікаюць...