Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 89

Васіль Ткачоў

– Калі так будуць новую ўладу слухацца, то я ім пакажу, дзе ракі зімуюць! – натапырыў твар Вітух і зноў паглядзеў на гадзінннік. – Прывыклі, каб з хат выцягвалі. Дык запомніце: я – не брыгадзір...

А пакуль тое ды сёе, некаторыя немцы зашасталі па вёсцы. Што ім яшчэ трэба? Курэй падгрэблі раней, парсюкоў, у каго былі тыя і хто не паспеў іх схаваць, таксама. Яшчэ, чаго добрага, кароў паядуць. Будзе тады бяды.

У натоўпе Нупрэй убачыў Лявона Кончыка, і яму трохі стала весялей: усё ж не адзін перад гэтай воўчай зграяй ён будзе.

– Здароў, кум, – павітаўся з ім Нупрэй.

– Паклон, Язэпавіч, – працягнуў руку Лявон, хоць яны рэдка калі раней рукаваліся. – Вывалаклі?

– Можна сказаць, што і так.

Ёсць такія людзі, з якімі нічога не страшна, і немцы – таксама. Для Нупрэя такім чалавекам заўсёды быў Лявон Кончык. З ім і цяпер вось стаяць перад немцамі вальней можна, не трэба выцягвацца ў струнку.

– Вунь і Платон шкандыбае, – паказаў вачыма Нупрэй. – Сядзеў бы на печы. Дык не, паўзе.

Лявон кіўнуў: бачу, і з печчу згодны.

Платон, валюхаючыся з боку на бок, нібы сытая качка, падыходзіў да іх. Ступаў ён цяжка, апіраўся на кавеньку-крывульку, пільна глядзеў перад сабой у адну кропку, не адрываў вачэй ад сцежкі, нібыта баючыся, што варта збочыць з яе хоць на крок-другі – і паляціш некуды ўніз, як на той свет...

– Сваё адпоўзаў, – уздыхнуў Платон і адразу ж прадзёрся да Нупрэя і Лявона Кончыка. – З вамі весялей.

Ён паклаў сухія і жоўтыя, бы леташнія трэскі, рукі на крук кавенькі, толькі тады ўзняў выцвілыя, аднак неабыякавыя да жыцця, вочы. І зноў загаварыў:

– Занядужыў я. У грудзях сціснула нямаведама як. Не прадыхнуць. Кхе-кхе...

– Паляжаць трэба, – паспачуваў Лявон Кончык.

– Дадуць, чакай, – Платон паказаў вачмі на паліцая. – Прыпёрся і гоніць. Шнуруй, кажа, дзед, як можаш. Хоць паўзі, а каб у гурце быў. Для масавасці.

Бобік Вітух яшчэ раз задаволена і важна паглядзеў на свой гадзіннік, потым ускінуў уверх руку – папрасіў цішыні. Гэтая каманда падзей-нічала і на нямецкіх салдат. Тыя падхапіліся, выпрасталіся, абцягнулі форму. На што Лявон Кончык заўважыў:

– Глядзі ты, ужо і немцы перад ім выструнь-ваюцца. Далёка пойдзе. Калі не спыніць своечасова.

Нупрэй плюнуў:

– Свалата якая, га! І жыў жа пад бокам у нас. Куды, папытаць бы у саміх сябе, глядзелі? Вось якая гадасць, аказваецца!

– Ён што, важная шышка? – шапнуў нехта ў натоўпе.

– Не-е... Таксама скажаш. Бытта яловая: вісіць высока ды ляціць затое доўга, вобзем чмякаецца, ажно далёка чуваць, – патлумачыў яму Нупрэй.

Паліцай тым часам ускараскаўся на грузавік, пачакаў, пакуль суцішацца людзі, угамоняцца, а пасля загаварыў, зрываючыся на крык: