Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 92

Васіль Ткачоў

– Стаяць! Я б цябе, дзед, сам у расход пусціў вось гэтай штуковінай,– паліцай паказаў на карабін. – Маю, маю права. Не думай. А як жа! Бачыў дакумент? Там усё чорным па белым, як у газеце, напісана. Ды млын твой, дзед, трэба. Млын. Вятрак. Кажы яму дзякуй. Аднак папярэджваю: калі і там, на млыне, брыкацца будзеш, то я з табой буду размаўляць іншым метадам. Кеміш? Глядзі ў мяне!

Бабка Пелагея моўчкі паставіла на стол міску з капустай, унесла з сенцаў некалькі агуркоў і памідораў, а потым паставіла і бутэльку з мутным самагонам: хоць і апошняя, але ж паліцай не адвяжацца, сам пачне шукаць, вэрхал зробіць у хаце. Паставіла самагон, ціха сказала: «На, падавіся!»

– Ты што набычыўся так? – Вітух забулькаў з пляшкі ў карэц. – Новую ўладу упершыню бачыш? То прывыкай. Надоўга мы. І падцісні хвост. Хопіць гогалем хадзіць па вёсцы. Я тут цяпер не апошні...

Хто ён не апошні, Вітук не адразу прыдумаў, таму ў паўзу, якая ўтварылася, Нупрэй уставіў сваё слова:

– Пацук.

Вітух папрасіў паўтарыць. Нупрэй сказаў, і калі паліцай узнагародзіў старога сваім кухталём, дзед адчуў, што справы дрэнь: хоць на нагах і ўтрымаўся, але пад вокам нешта не так... Хлопцы, калі вярнуліся ў вёску з каскамі і грыбамі, пашкадавалі, што не было іх на сходзе каля канторы, а калі ўбачылі пад вокам у дзеда Нупрэя вялікі сіняк, паабяцалі адпомсціць Вітуху. Юраська так і сказаў:

– Ух, пачакай, паліцай Вітух!

6. ПРАЧУХАНЕЦ, АЛЬБО ТРЫ ГАЛАВЫ ДОБРА, А ЧАТЫРЫ – ЛЕПШ...

Але перш, чым адпомсціць паліцаю за дзеда Нупрэя, хлапчукам трэба было вытрымаць дома нападзенне мацярок, бо тыя, калі ім верыць, з ног збіліся, шукаючы іх. Як згаварыліся ўсё роўна. А што тут з ног збівацца? Усяго-наўсяго ў лесе пабылі – дык ці ж упершыню! Не дапамаглі і каскі з грыбамі. Юраськава мама, доўга не раздумваючы, нават шпурлянула жалезны нямецкі шалом на агарод, грыбы разляцеліся па двары, скаціліся пад плот:

– Абы-што ў хату прэш! Рады вам не даць! Усе вочы прагледзелі, а яны жалеззе збіраюць у лесе. Дадумацца ж! А калі стрэліць?

– Не стрэліць, – патроху пачаў адбівацца Юраська.

– А бацьку што ты гаварыў, калі на фронт ён ішоў? Не помніш?

– Помню...

– Дык чаму ж тады не слухаешся?

Шкада мамы, вядомая справа: вайна, немцы кругом, усё можа здарыцца, а ёй тады трымай адказ перад бацькам. Але ж не сядзець Юраську склаўшы рукі, калі вайна. У сваёй хаце ўсе смелыя, а варта ступіць на вуліцу, паглядзець, як ходзяць па ёй немцы, і куды тая смеласць падзенецца. А яны, хлопцы, не такія. Ведаць трэба.

– Сядай еж, – уздыхнула мама і наліла супу. – Чаго толькі ні перадумалася. Немцы ж... Ці мала што? Прыстрэляць і не папытаюць.

У вачах мамы паўнютка слёз. Сястра Ліда моўчкі сядзела за сталом з лыжкай напагатове, і калі маці паставіла місу з супам, пачала сёрбаць варыва. Побач з ёй сеў і Юраська.

– Еж, сынок, еж.

Было б што. Апетыт ў яго сёння – ого-го! Вала б з’еў. Аднак выгляду не падаваў. Нават крыху ленаваўся – пасля ўсяго, што нарабіў, няёмка паказваць, што вымерхаўся. Калі ў місе нічога не засталося, Юраська аблізаў лыжку, сказаў: