Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 138

Васіль Ткачоў

– Ты і не ўбачыш, Лёнька,– усміхаецца Аўгей.—А я ўбачу, бо ў мяне вочы—ого-о! Сцяну возьмуць наскрозь...

– Хлус ты, дзед,– не пагаджаецца Лёнька.

– Ну як жа– хлус? А пра двойкі адкуль даведаўся, га?

Хлопчык паціскае плечуком: і тое быццам праўда.

– То-та ж. Але ты не ўцякай. Затрымайся. З двойкамі табе спяшыць няма куды—прачуханец паспееш атрымаць. Памажы мне лепш у адной справе. Паможаш?

– А што?

– Скаргу напісаць.

– А што гэта?– не разумее Лёнька.

– Скарга – гэта, брат, такая паперка, якую мне аднаму скласці цяжка. Памагаты трэба. Такі вось, як ты. Апісаць трэба... паскардзіцца.

– А на каго?– пачынаюць блішчэць вочы ў малога.

– На бабу сваю, на Марусю.

– А што яна?

– Як гэта што? Як гэта што, Лёнька? Прасіў, каб блінцоў напякла, сала напражыла, а яна на дыбкі: еш, кажа, тое, што на стол падаю, табе, кажа, тут не рэстаран. Бачыў ты яе? Трэба, трэба паскардзіцца, а то зусім разбэрсаецца. Ты, выпадкова, не падкажаш, хто ў нас тут самы галоўны начальнік, Лёнька? Каму можна паскардзіцца?

– Дзілектару нашаму,– раіць Лёнька.

– Во! Правільна. Яму. Давай скаргу складзём. Ты, бачу, добры грамацей, і я ж не горшы, а калі нашу грамату ў адну кучу зваліць, то не здабраваць тады цётцы Марусі. Даставай, даставай паперу, ручку... пакуль сверб ёсць у руках... мы ёй, Марусі!

Скаргу пісаў Аўгей. Лёнька толькі слухаў, як дзед шаптаў словы, што нязграбна клаліся на паперу, і радаваўся: «Будзе цяпер ведаць цётка Маруся, як не карміць дзеда блінамі...»

– Правільна напісаў, глянь, Лёнька? – нарэшце стары падаў яму скаргу.

–Правільна,– пагадзіўся Лёнька, затрымаўшы кароткі позірк на Аўгеевым пісанні.

– Не, не, ты мне не вяртай скаргу, а перадай заўтра дзілектару. Перадасі?

– Ага,– кіўнуў Лёнька.

– Толькі не забудзься.

– Не.

– А цяпер бяжы, прагаладаўся, пэўна?

Хлопчык знікае.

Назаўтра ранічкай Аўгей знайшоў скаргу на лаўцы. Лёнька на ёй напісаў: «Дурань».