Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 87

Васіль Ткачоў

Пачакайце, але што гэта? Быццам равуць грузавікі? Сапраўды так: яны. Хлопцы, нібы па камандзе, спыніліся, зірнулі адзін на аднаго, а потым драпанулі з дарогі-сыпанкі ў лес. Са схованкі ім добра было бачна, як варожая калона з некалькіх аўтамашын пацягнулася ў той бок, адкуль яны ішлі, – у Хатоўню. Настрой адразу сапсаваўся, аднак рашылі не вяртацца: за двума зайцамі пагонішся, дык ніводнага не зловіш. Карцела, вядома ж, паглядзець, што немцы будуць рабіць на гэты раз у вёсцы, але – трэба ж нешта рабіць, а каб рабіць, трэба мець зброю. Ні больш, ні менш. Таму і пабеглі яны да месца бою. А можа, усё гэта і прыдумаў дзед Нупрэй? Вось будзе фокус... І раптам Сяргейка, які вырваўся наперад, гукнуў:

– Ёсць! Бачу!

Што ён бачыў, тое ўбачылі і ўсе. Не сляпыя. На баку ляжаў спалены варожы грузавік, глядзеў на хлопцаў рэбрамі кузава і чорнай ашчэранай пашчай матора. А больш нічога і не відаць. Знайшлі каля яго хлопцы толькі гільзы – дык якая з іх карысць? Ні вінтовак, ні аўтаматаў. Спазніліся, мабыць. Але ж хіба яны адны такія шустрыя, можа, з іншых вёсак хлопцы тут даўно ўсё падабралі. Там ёсць хваты. Панскі сад у Чырвоным Аратым аблатышаць, а людзі на сваіх думаюць. Але ж добра, што недарэмна тэпалі: упэўніліся на свае вочы, што бой сапраўды быў і што не менш важна – не схлусіў і млынар. А з дзедам Нупрэем у іх павінны быць давер і лад, бо вятрак – гэта вятрак, а не абы-што. Ён яшчэ пра сябе заявіць. Дайце яму толькі распрастаць крылы. А пакуль тое ды сёе, Паўлік прывалок з кустоўя каску.

– Там іх багата, – сказаў ён. – Ідзіце бярыце.

Сяргейка, як заўсёды, насупіўся:

– Яшчэ не хапала, каб я нямецкую каску на сваю галаву адзеў! Трэба мне!..

– А я вазьму, – стаяў на сваім Паўлік. – А ты, Юраська?

І Юраська ўзяў адну каску. Сяргейку нічога не заставалася, як таксама падняць з зямлі цяжкі варожы шалом, а ў сваё апраўданне, што не стрымаў слова, сказаў:

– Матцы аднясу – каб парсюка карміла з яе, а то карыта ў нас дзіравае...

Дахаты хлапчукі вярталіся ўжо росным надвячоркам. З трафейных касак выторкваліся брылястыя абабкі і баравікі. Большанькія і прыгажэйшыя яны ўмысна паклалі на лісце зверху – каб радавалі вока. Пракідваліся і салодкія сыраежкі. Нашвэндаліся за дзень так, што хацелася есці. Смактала ў кожнага пад лыжачкай. Таму не-не, ды і адшчыквалі яны ад сыраежак маленькія кавалачкі, піхалі ў рот. Эх, да гэтых сыраежак яшчэ б лустачку хлеба!

Вярталіся хлапчукі ў вёску і неслі не толькі каскі з грыбамі, але і нейкую затоеную, шчымлівую трывогу...

Чаго ж наведваліся немцы ў Хатоўню?

Не сядзіцца ім.

5. УХ, ПАЧАКАЙ, ПАЛІЦАЙ ВІТУХ!

Дзед Нупрэй – адзін, мусіць, чалавек з усяе вёскі, ад якога нічога не ўтоіш, любая навіна пачынаецца з яго што раўчук з крыніцы: усё ўцікуе-упільнуе, а потым вылучыць зручны момант, уставіць сваё слова пра тое ці іншае. Акуратна, умеру, але кожны раз – у патрэбны момант. І што цікава, бывае, і зачэпіць-ушчыпне каго-небудзь, але на яго не крыўдуюць землякі: то ж Нупрэй сказаў, а Нупрэй абы-што не ляпне. У цяжкую хвіліну – падтрымае, дасць рэцэпт, як жыць далей, што рабіць.