Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 86

Васіль Ткачоў

Дзед Нупрэй патушыў ліхтар – пузаты і яркі, і яны ўпоцемках, трымаючыся за парэнчы, воб-мацкам, асцярожна спускаюцца па прыступках на зямлю, адчуваюць лёгкасць і ўпэўненасць ад доты-ку ног да яе. Потым дапамагаюць дзеду пачапіць на дзверы млына замок, упэўніваюцца, што ўсё ў парадку, і крочаць уздоўж вуліцы.

– Заўтра няма ўжо чаго малоць, – скардзіцца, бы між іншым, стары. – Гуляць будзе мой вятрак. А калі паспее жыта, тады завозна будзе. Каласы яшчэ з малачком, але зярняты абяцаюць быць буйныя. Хадзіў надоечы ў поле, цікавасць меў. Пажаць бы толькі...

– Пажнем, – абяцае дзеду Нупрэю тонкі, бы лазовы пруцік, Сяргейка, і можна падумаць, што лёс збажыны залежыць і ад яго таксама.

Пэўны час ідуць моўчкі.

– Што пажнеш, што не, – заклапочана кажа дзед Нупрэй. – Хоць бы збольшага ўхапіць. Ды і тое не ведаеш, хто той хлеб есці будзе, у чый рот трапіць. Хто ж яго ведае, які ў немчуры апетыт: возьме, ды і загадае, каб увесь ураджай у Германію фуганулі. Га?

– Увесь? – разявіў рот Юраська і перад яго вачамі зноў з’явілася тая карта з падручніка, якую паказваў сваёй маці. – Быць не можа, каб увесь! Колькі ж яны таго хлеба злопаць могуць? Германія ж – маленькая.

Дзед Нупрэй не пагаджаецца:

– Маленькая яна маленькая, а рот у яе шырокі, да самых вушэй. Для чаго ж ты думаеш, Юрка, германец на нас напаў? Каб на машынах ды манцыклетах катацца па нашых дарогах? Не такі ён, фашыст, дурань. Рабаваць будзе. Я так разумею. Ды і хіба я адзін так лічу? А вы што, не так думаеце? Тады вучыцеся думаць, вучыцеся, хлопцы!

Што ён, дзед, гаворыць: калі тут вучыцца! Не да навукі – немцы, куды ні глянь, натапырылі хвасты, яршацца, ходзяць з двара ў двор, бы да сябе ці да цешчы на аладкі. Вось ім трэба на хвасты солі як хутчэй насыпаць, каб не надта смялелі!.. А з думаннем тваім, дзед Нупрэй, паспеем!

Як толькі развіталіся каля хаты млынара, Юраська шапнуў сябрам:

– У мяне ёсць ідэя, хлопцы! Пакуль жыта спее, нам на ветраку няма чаго рабіць. Слухайце сюды...

Назаўтра ранічкай, як толькі першыя промні сонца ярка пырснулі з-за лесу на вясковыя прысады, хлапчукі падаліся ў лес – туды, дзе быў першы бой партызан з немцамі. Эх, каб жа знаццё, то заселі б там і паназіралі, як іх калашмацілі нашы і тады б расказалі самі каля ветрака, што бачылі. А то дзед Нупрэй і ўпрыгожыць усё можа, ён багата не возьме. Ды нічога, яшчэ паслухаюць іх і Нупрэі, і Лявоны Кончыкі, і Платоны! Рыхтуйцеся. У хатаў-нянскіх хлопцаў пачынаецца сапраўднае жыццё. А пакуль яны тэпаюць у бок Жавінніка і ўяўляюць, як убачаць шмат разбітай варожай тэхнікі і, канешне, узброяцца: не можа быць, каб немцы, уцякаючы, не пакідалі свае вінтоўкі і аўтаматы. А мо і гранаты? Ды так і павінна быць: якія яны ваякі, Юраська бачыў, калі цётка Аксіння смачна круціла перад немцавым носам дулі, а той і не ведаў, што яму рабіць. Так што нешта можам і мы. Не зломкі.