Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 85

Васіль Ткачоў

– Так! А як жа! Мы што, не разумеем? – загаманіла малеча.

Ды так гучна, што дзед Нупрэй перапалохана-здзіўлена ажно прыклаў палец да вуснаў: цішэй вы, чэрці галапупыя! А сам, вядома ж, здагадаўся, што ад хлопцаў гэтых цяпер не адаб’ешся, трэба прымаць у сваю брыгаду, так і быць. Аднак усё ж глянуў на Лявона Кончыка, на астатніх мужчын – не ведаў, як быць яму: пры малечы дакладваць тыя апошнія словы Аляксея Касцючэнкі, ці трэба ўсё ж для большай канспірацыі застацца адным – без дзятвы.

– Ну, што рабіць будзем, сівыя вашы галовы? Рашайце. Слова – за вамі.

– Ды кажы ўжо, чаго там! – махнуў рукой Лявон Кончык. – Ці яны не нашыя дзеці і ўнукі? Свае ж! У грамадзянскую, хіба не помніш, хто побач з табой быў? Давярай, Нупрэй Язэпавіч, давярай нашым хлопцам.

Вочы Юраські, Сяргейкі і Паўліка свяціліся, бы каля начнога вогнішча ў лузе. Дзякуй Лявону Кончыку. Выручыў. Але ж дзед Нупрэй усё ж прыгразіў жоўтым ад тытунёвага дыму пальцам: каб жа ціха было, анціхрысты! Потым ён паказаў на свой бяззубы рот і даў зразумець, што гэтае месца ў кожнага з іх павінна быць на вялікім замку – яшчэ, мабыць, і большым, чым на калгасным свіране. Вось як, арлы! І стары палічыў патрэбным сказаць:

– Тут вам не якія-небудзь дзіцячыя гульні-забавы. Тут усё сур’ёзна – як на вайне... Земляк, сказаў мне Касцючэнка тады ў лесе, рыхтуйся... трымай, адным словам, вятрак у поўнай баявой гатоўнасці. Людзям хлеб есці трэба незалежна ад таго, хто блытаецца ў яго пад носам... Голад – не цётка... Так што, мой вятрак, як быццам мабілізаваны цяпер, і жыць будзе, уся надзея на яго... А гэта, заўважу, вам не хухры-мухры!

Хлапчукі запляскалі ў ладкі, і атрымалі апошняе папярэджванне ад дзеда Нупрэя:

– Без міцінгаў!..

А Лявон Кончык, скарыстаўшы момант, папрасіў у млынара закурыць:

– З такой нагоды і самакрутку сапсаваць не пашкодзіць. Даставай, даставай свой самасад, Нупрэй. Дужа добрая ў цябе табака.

Нупрэй расшчодрыўся, даў закурыць Лявону Кончыку, у якога заўсёды бяда з тым самасадам: быццам і растуць кожны год лапухі за хлевам, а як курыць – дык няма, дык дай. Быццам есці ён свой тытунь з ранку да вечара вялікай лыжкай – таму і не хапае.

Дзед Нупрэй адсыпаў тытуню Лявону Кончыку, а сам усё глядзеў і глядзеў на вятрак, які, бы стомлены чалавек, адпачываў, высока трымаючы над вёскай свае крылы-ветразі.

4. ПАКУЛЬ ЖЫТА СПЕЕ...

Над Хатоўняй ужо вісеў цёплы летні вечар. Праз густы шэры змрок былі добра відаць зоркі на небе. Ціха наўкола. Толькі дзе-нідзе рыпнуць веснічкі, затоена, нясмела. Бы з-пад палкі адгукнецца кароткім брэхам сабака – то ў адным канцы вёскі, то ў другім, то зусім побач, непадалёк ад ветрака. Па чарзе. Але рэдка. Дзед Нупрэй даўно заўважыў: калі маўчаць сабакі, не заходзяцца, як шалёныя, брэхам, значыць, нічога кепскага заўтрашні дзень не абяцае, будзе ціха.

– Во як пачнуць скавытаць, ажно са скуры вылузвацца, – тлумачыць ён хлапчукам, – то тады трымай вуха вастрэй: нешта чуюць. Сабакі ды каты па сваёй сістэме жывуць, а ў тае сістэмы сакрэт адзін неразгаданы ёсць: адкуль нюх на бяду маюць? За дзень-другі да няшчасця і не сядзіцца ім, і не спіцца. Толькі – гаў-гаў ды вы-ву-у-у-у... Сам прыкмеціў. Перад пажарам мой Шарык месца сабе не знаходзіў, усё за мной ды за мной, трэцца аб нагу, жаліцца. А сказаць не можа. Уся закалюка ў тым, што якраз і не можа... А сёння, бачыце, хлопцы, нібыта языкі ў сабак папрымярзалі. Хоць і не зіма. Так што спі, малеча, спакойна. Давайце, хлопчыкі, па хатах. Мне таксама час...