Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 84

Васіль Ткачоў

– Так і сказаў – свіснем?– не паверыў Лявон Кончык.

– Ну, можа і не так. Але сутнасць у гэтым, і не дуры мне галавы, Лявон! – Дзед Нупрэй тузануўся на валуне, падкурчыў ногі, а тады спадылба паглядзеў на Лявона Кончыка і сказаў цішэй. – Але ўсё, мушу адзначыць, усё цюцелька ў цюцельку. Існая праўда!

Сядзеў каля млына і яшчэ адзін хатаўнянскі дзед – Платон Кулеш, ён увесь час маўчаў і толькі слухаў. Зрэдку хехекаў і шкрабаў сагнутым у кручок пальцам патыліцу, прыўзнімаючы для гэтай працэдуры картуз на лысай галаве. Адзін усяго раз пачулі Платона:

– Біць трэба гадаў! Вось так!

Калі Платон трасянуў у паветры сваёй кашчавай рукой, усе засмяяліся. Стары зніякавеў, аднак яго падслепаватыя вочы ўсё ж заслязіліся радасцю, ажылі надзеяй...

Пазней, калі размова каля вятрака патрохі пачала чахнуць, дзед Нупрэй асцярожна агледзеўся па баках, пакратаў свой зашмальцаваны картуз на галаве і шырокую бараду – так ён рабіў заўсёды, калі збіраўся сказаць нешта важнае і адказнае – а потым, нібы і сапраўды адганяючы ад сябе курэй, памахаў на хлапчукоў:

– Кыш, малеча! Чаго пасталі? Ці не вам кажуць? Вядзі, Юрка, сваю гвардзію адсюль. Кыш! Вушы паразвесілі тутака, як бабы гарлачы на паркане!..

Толькі хлапчукі бы ў зямлю ўраслі. І не збіраліся адыходзіць.

Канешне ж, нешта цікавае, надзвычай сакрэтнае будзе казаць цяпер дзед Нупрэй, тут і дурню зразумела. А ім – прэч! Не, трэба стаяць да канца. Не здавацца. Шмат ужо наслухаліся – чаго нельга і што можна было, а як да самага галоўнага дайшло, дык няможна, атрымліваецца. Ці не крыўдна? Адно слухай, іншае – не. Калі ўжо слухаць, дык усё. У камплекце... І Юраська рашыў таксама цвёрда стаяць на сваім, не адступаць, паабяцаў:

– Мы, дзеду, нікому не скажам. Так, хлопцы? – І ён абвёў позіркам сваіх сяброў.