Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 76

Васіль Ткачоў

– А я і не замерз!

– Глядзі ты!

– Цёпла.

Памаўчалі, паглядзелі на Цар-Дуб, па вялікім і крэпкім, бы жасцяным, лісці якога церабіў дождж. Партызан Кавалькоў нешта успомніў, пэўна ж, прыемнае, бо ўсміхнуўся сам сабе, а да Петрыка сказаў:

–Відаць, у гэты самы час, калі мы тут з табой сядзім, даюць жару нашы хрыцам. Адчуваю, няма ўжо вузкакалейкі, хана ёй. Нават бачу, як рэйкі ўзлятаюць пад самыя аблокі...

– Так высока?– здзівіўся хлопчык.

Партызан Кавалькоў адказаў не адразу, спярша паскроб за вухам, а тады зрабіў сур’ёзны твар:

– Але і не нізка. Галоўнае, хлопча, не гэта... высока-нізка. Не гэта... Калі ўжо нашыя хлопцы пайшлі на вузкакалейку, то нічога з яе не пакінуць. Знішчаць. Ушчэнт разнясуць. Але ж, відаць, разкурочылі яе раней... ноччу, калі цёмна было і людзі на ёй не рабілі. Вяртаюцца, мабыць, ужо хлопцы. Скора будуць.

Петрык слухаў партызана Кавалькова і, здавалася, бачыў, як партызаны-мінёры падкладваюць пад рэйкі ўзрыўчатку, а потым адпаўзаюць ад дарогі падалей у лес, дзе іх чакае група прыкрыцця. Эх, самому б там быць! Петрык прасіўся, нягож, аднак партызан Кавалькоў усё сапсаваў: « А на дуб хто, акрамя цябе, узлезе?Які блазнюк? Са мной пойдзеш!»

Як старшым прызначылі, адразу нос задраў. Бачце вы яго, як размаўляе. Адразу–строга: «Са мной пойдзеш!»

Вось цяпер ён і сядзіць побач з гэтым партызанам Кавальковым, чалавекам увогуле не благім, аднак, на думку хлопачыка, дужа любіць ён над кім-небудзь быць старшым. Як цяпер вось над ім і яшчэ над трыма хлопцамі, якія для сябе зрабілі асобную хованку ад дажджу. Але пачакай, партызан Кавалькоў! Дай хоць трохі падрасці Петрыку! Тады пабачыш!..

Назаўтра ўся брыгада ведала, што вузкакалейкі больш няма, а каб немцы больш не падабраліся да Цар-Дуба, не адпомсцілі за чыгунку і не знішчылі дрэва, ахоўваць яго пачала вялікая група партызан: пакуль не стане вядома, што ў галаве ў тых немцаў.

Аднак яны больш каля Цар-Дуба не з’яўляліся.

Адбілі ахвоту партызаны.

9

Пра ўсё гэта расказаў унуку Мікітку дзядуля Пятро Мікітавіч, той самы Петрык, што даўным-даўно сядзеў на самым тоўстым суку на дубе, калі быў у дазоры. А вось на гэтым месцы пыхкаў нясмачным дымам партызан Кавалькоў. Няма, канешне ж, ужо яго на гэтым белым свеце—ён і тады быў ужо старым чалавекам, але ж вельмі любіў быць заўсёды старшым. Пасля вайны працаваў нават старшынёй калгаса, але мала: тады старшыні часта мяняліся. А Петрык і паехаў, як прасіў яго тады камандзір злучэння Фёдараў, у Кіеў, знайшоў яго, і Аляксандр Фёдаравіч напісаў невялічкую паперку, але яна мела вялікую сілу: калі паказаў яе хлопчык у вайсковым вучылішчы, то там, мусіць, сказалі яму: «Такія арлы, як ты, Пятро, у арміі патрэбны!» І залічылі яго ў курсанты. Быў бы жывы партызан Кавалькоў, то на свае б вочы пабачыў, што той яго падначалены Петрык не абы-хто, а самы сапраўдны генерал. Хоць ужо і на пенсіі. Тады б паглядзелі, хто тут старшы!

Вось так, браткі-славяне!

... Цар-Дуб стаіць пасярод прыгожай агароджы, пафарбаванай у зялёны колер. Падыйсці бліжэй да яго ,каб назбіраць жалудоў, можна праз веснічкі. Але калі Пятро Мінавіч прачытаў на кары дрэва выразаныя складанчыкам, відаць, нікому не патрэбныя брудныя словы, у яго сапсаваўся настрой. І тады ён, стары генерал, папрасіў у Цар-Дуба прабачэння– за таго нягодніка... Унук Мікітка здзівіўся: