Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 78

Васіль Ткачоў

– Толькі падавай, – Юраська ажно прыцмокнуў языком, бо так, палічыў хлопчык, больш пераканае Аксінню, дакажа нарэшце ёй, хто такія немцы. – А таму хавай астатніх курэй, цётка. З’ядуць.

– Ды з’ядуць, каб яны лопнулі! – пагадзілася Аксіння, хоць і сама не горш за хлапчука ўсё ведала. – Ды сажруць, каб ім затлуміла! Во ўжо ненасытныя! Во ўжо не напруцца!.. І не падавяцца ж!..

А Юраська прыгадаў, бы капнуў газы ў полымя:

– Без разбору, цётка Аксіння. У дзеда Нупрэя усіх падшкрэблі, бы венікам падмялі. Адным махам. Мне сам дзед казаў. Можа певень на пярэпалах-лямант курэй пабег, заступацца? Усё ж мужчына. Мог пабегчы, як думаеш, га?

Цётка Аксіння зусім, здаецца, разгубілася. Яна не ведала, куды ёй ісці – ці вяртацца дамоў, ці бегчы шукаць пеўня, ад якога, мусіць, толькі пер’е і засталося. На ўсялякі выпадак старая паказала рукой у той бок, дзе таўкліся немцы і адкуль чулася чужая, незразумелася ёй, гаворка:

– Певень, думаеш, туды шугануў?

– Усё можа быць.

– Не аддам! – нарэшце цётка Аксіння тупнула нагой, рашуча і смела. – Дудкі ім! Смалы! Во ім, а не пеўня! – І паказала кукіш.

Яна закруцілася на адным месцы, быццам трапіла ў віхор, лаяла немцаў, паказвала ў іх бок дулі, абяцала «смалы з дзёгцем», а тады знерухомела... і заплакала. Па-сапраўднаму. «Няўжо можна па пеўню так перажываць? – не надта разумеў цётку Аксінню Юраська. – Дзівачка яна ці што? Дзед Нупрэй і слова не сказаў, калі лавілі ягоных курэй. Толькі плюнуў сабе пад ногі... А калі немцы на каленях поўзалі, цаляючы па курах, дык і ўсміхнуўся, а мне шапнуў: «Мае куры, бач, на калені немчуру паставілі, а прыйдзе час, то мы іх і на лапаткі пакладзем. Няхай пацешацца...»

Юраська ўжо пераступаў парог сваёй хаты, а цётка Аксіння ўсё яшчэ сыпала праклёны немцам:

– Смалы вам! Дзёгцю, калі калгас дасць! Во вам, во!..

У той жа дзень немцы разбрыліся па ўсёй вёсцы, нарабілі ляманту, тлуму, і паўсюль чулася іхняе гергетанне, да якога не маглі прызвычаіцца жыхары Хатоўні: рэжа слых, хоць ты што рабі. Курэй сваіх, навучаная ўжо горкім вопытам, Аксіння пахавала, што выклікала, зразумела ж, падазронасць у варожага салдата, які нагой піхнуў дзверы ў хату і выскаліў на старую белыя зубы:

– Кур, яйка! Дзе твой цып-цып? – салдат пачаў шныраць па хаце, разглядваў краем вока карткі на сцяне, глянуў на прыбраны ложак, на якім стаяла адна, але вялікая і пузатая, бы стог сена на лузе, падушка. – Так, швайн баба! Кур, яйка!

– Няма... няма, – лыпала вачыма і разводзіла рукамі Аксіння. – Забралі ж. Разам з пеўнем. Ага. – А трохі цішэй, каб не надта чуў няпрошаны госць, баіла: – Каб ты струпянеў са сваімі яйкамі! Каб ты загавеў раней бацькі свайго! Цьфу!..

Неўзабаве старая выкацілася на двор, услед за ёй паказаўся і немец. Юраська якраз быў на сваім агародзе, і ўсё гэта бачыў. Старая, мусіць жа, таму і пасмялела, што побач сусед, таму адразу ж перайшла ў наступ:

– Шукай! Знаходзь! Калі не верыш! Распуснікі!...

Салдат адказваў нешта на сваёй мове Аксінні, але гэта было што гарохам аб сценку – адна карысць: не прыставалі да яе тыя словы, больш здагадвалася, чаго хоча немец па выразу ягонага твару і жэстах.