Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 75

Васіль Ткачоў

– Вось закончыцца вайна, і давай, брат, да мяне ў Кіеў. Памагу ўладкавацца . Будзем новае жыццё будаваць. Табе трэба вучыцца.

У Петрыка вельмі загарэліся вочы, ён глядзеў на Фёдарава, адчуваў нават, як палалі лоб і шчокі, а тады ўсё ж асмеліўся папытаць:

– А калі... а калі яна, таварыш камандзір, скончыцца?

– Вайна?

– Ага!

– Тут, брат Пятро, такая справа,-- Фёдараў надзьмуў шчокі, пахітаў галавою, потым цмокнуў языком, і твар у яго зрабіўся сур’ёзным, заклапочаным.– Вось не дадзім мы вывезці Цар-Дуб у нямеччыну – і ўжо, лічы, перамога за намі. Не будзе фюрэр хвост яршыць. А?

– Мабыць...

– Не мабыць, а дакладна,– Фёдараў прытуліў да сябе хлопчыка.—На ўсе сто працэнтаў, Пятро. Не аддзім дуб?

– Не аддадзім, таварыш камандзір!

– Малайчына, Пятро, малайчына,– пахваліў хлопчыка Фёдараў, і моўчкі пайшоў далей, цікавіўся, што робяць партызаны. Спыняўся, размаўляў з імі.

Петрык чамусьці думаў, што і з імі размаўляў камандзір злучэння Фёдараў толькі пра Цар-Дуб.

А пра што яшчэ больш у той дзень можна было размаўляць?

Яму вельмі хацелася, каб хутчэй прыйшла перамога...

8

Немцы будавалі вузкалейку ўжо другі тыдзень, і партызаны сачылі за імі. Няхай папрацуюць, няхай. Усяму свой час. Бо калі разбурыць яе адразу ж, то карысці мала: сто метраў якіх пракладзена чыгункі. Знішчыш гэтыя сто, яны зноў пацягнуць яе далей. А вось калі знішчыш некалькі кіламетраў, дзесяць ці дваццаць... пасля гэтага яны ці ўздумаюць падбірацца зноў да Цар-Дуба? Наўрад. Прападзе ахвота. Непакоіла партызан і іншае: а што, калі, адчаіўшыся, фашысты захочуць знішчыць дрэва—каб і ні вам, і ні нам. Такое можа быць. Аднак дапусціць гэтага нельга. Аніяк. Таму партызан Кавалькоў быў усё ж празначаны старшым па ахове Цар-Дуба, а Петрыка, хоць той і не прадаў яму навіну, вымушаны быў браць на заданне—хто ж яшчэ так спрытна, як ён, ускараскаецца на дрэва? Хіба што сам Кавалькоў! Смешна робіцца, як падумаеш.

У той дзень дождж ліў, бы з вядра. Партызан Кавалькоў дазволіў Петрыку злезці з дрэва, бо, сказаў, цяпер не лета, а восень, і можна падхапіць якую-небудзь хваробу. Справа няхітрая. «У паветры іх, хвароб тых, шастае процьму». Партызан Кавалькоў накідаў на нейкі куст, што быў паблізу ад Цар-Дуба, галля, і атрымаўся някепскі буданок.

– Кроч сюды,– паклікаў ён Петрыка.–На дрэве сядзець увесь час таксама нельга: яшчэ заснеш ды грукнішся.

Хлопчык пакрыўдзіўся:

– Яшчэ чаго!

– Не чагокай. Ведаю. Сам быў такім, як ты. Не адразу дзядзькам стаў. Пуд солі з’еў, сакрэту тут няма. Залазь, залазь пад куст. Куды карабін свой шчэміш? Пастаў яго пад дрэва...

– Няможна,– не пагадзіўся Петрык.–Я за яго распісваўся.

Партызан Кавалькоў хмыкнуў:

– Каму яна трэба цяпер, твая стрэльба? Пасля кожнага бою іх столькі збярэш, карабінаў-аўтаматаў, што іншы раз і грыбоў менш у лесе знойдзеш. Ну, сагрэўся?