Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 74

Васіль Ткачоў

Бач, чаго захацеў! Табе скажы, аднак жа яшчэ невядома, хто ты на самой справе, партызан Кавалькоў, ці ўмееш трымаць язык за зубамі. А калі раптам даведаюцца усе? Нельга. Усё ж Цар-Дуб, а не нейкая там асіна-вольха.

– Мне ў штаб трэба!– строга сказаў Петрык.

– Хто цябе там слухаць будзе?– партызану Кавалькову не надта ж хацелася, вядома, каб нейкую важную навіну паведаміў самому Аляксандру Фёдаравічу Фёдараву, камандзіру Чарнігаўскага партызанскага злучэння, якое робіць рэйды на гэты час у тутніх лясах, нейкі там Петрык: падумаеш, фігура!

Партызан Кавалькоў цёгся ўслед за Петрыкам, дыхаў таму ў спіну, і шморгаў раз-пораз носам:

– Прадай навіну, Пецька Дорага куплю. Я табе патронаў насыплю поўную шапку. Чуеш? Тады мяне зноў старшым паставяць. Над усімі. І над табой. Я цябе ў крыўду не дам.

– Далей я сам буду свой карабін насіць,-- сказаў, не аглядваючыся, Петрык.—Патронаў таксама дадуць. Патронаў багата. Я сам дзве каробкі прынёс. А навіну не прадам. Сёння навіну, заўтра... Сам, дзядзька, ведаеш, што можна заўтра прадаць – варта ў азарт увайсці.

Партызан Кавальчук не здаваўся:

– Шкадаваць будзеш. Шкадаваць. Ды позна будзе.

Што яшчэ сыпаў услед Петрыку партызан Кавалькоў, хлопчык не чуў – не да таго было: наперадзе паказалася стаянка брыгады, і ён па-сапраўднаму пачаў хвалявацца , а вартавы пазнаў сваіх, усміхнуўся і прамовіў:

– А-а, праходзьце, праходзьце! Як там, у дазоры?

Звычайна разгаворлівы партызан Кавалькоў на гэты раз маўчаў.

6

Пра Цар-Дуб было даведзена самому Гітлеру. Обер-лейтэнант Лотар Шмейхель стаяў перад ім навыцяжку, бы струна, і словы, што выляталі з роту фюрэра, не паспявалі трапляць у шчылінкі вушэй—яны, бы крыгі ў крыгаход, навальваліся, напаўзалі адна на адну, а на іх іншыя, і ствараўся затор: стоп, далей ходу няма. Але ён, на той час яшчэ верны служака фюрэру, лёс якому выпаў асабіста дакласці Гітлеру пра дрэва, якое той марыць даставіць любымі сродкамі ў Германію, каб здзівіць свой народ, усё ж паспяваў запамінаць, што гаварыў яму і куды больш высокім і важным, чым Шмейхель, сваім падначаленым фюрэр:

– Мяне не хвалюе больш нічога, акрамя аднаго – Цар-Дуб павінен быць тут!– І ён тупнуў нагой, нібы ўбіў у падлогу абцасам цвік, а заадно і паказаў, дзе неабходна яму бачыць дрэва.– Тут! А як вы будзеце яго сюды дастаўляць—мяне гэта менш за ўсё хвалюе. Так-так. Хочаце па паветры, хочаце па вадзе... можаце будаваць чыгунку, можаце не будаваць, але калі не даставіце Цар-Дуб, тады ў мяне з вамі будзе іншая гаворка. Не думаю, што такая, як сёння. Абяцаю: кожны з вас атрымае тое, што заслужыў. У любым выпадку. А выпадкі, як вы разумееце, будуць два: або-або... Пытанні?

Пытанняў не было.

–Дзейнічайце! – і фюрэр ускінуў угору руку.–Хайль!

Обер-лейтэнант Лотар Шмейхель выйшаў з кабінета фюрэра ледзьве жывы, і калі вадзіцель запытаў у яго, куды ехаць, афіцэр , не вагаючыся, назваў вядомы ў Берліне рэстаран «Оder».

Першы раз у сваім жыцці Шмейхель напіўся.

І больш яго ніхто і нідзе з бліжэйшага атачэння Гітлера не бачыў.

7

Пасля таго, як Петрык прарваўся да камандзіра Фёдарава, Аляксандр Фёдаравіч пазнаваў яго і нярэдка, сустрэўшыся выпадкова дзе-небудзь на стаянцы каля штаба, распытваў пра жыццё-быццё. Хоць, вядома, ён і так ведаў усё, але ж пра нешта трэба было гаварыць. Звычайная справа. Аднаго разу камандзір сказаў хлопчыку: