Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 73

Васіль Ткачоў

– Гэты дуб абавязкова трэба даставіць у Германію такім, якім ён ёсць. Мы здзівім свой народ. Мы пакажам яму гэтае магутнае дрэва, каб ён мог пераканацца, якую вялікую і магутную краіну мы заваявалі! Хайль!

І вось цяпер, калі сышоў снег, обер- лейтэнант Шмейхель падрульваў з аховай на матацыклах да Цар-Дуба, каб на месцы разабрацца, як выдраць з зямлі гэтага волата, ці магчыма ўвогуле такое. Заданне ёсць заданне—яго трэба выконваць. Але як? Лёгка сказаць – даставіць дрэва на нямеччыну. Аднак жа няма ў фюрэра такой тэхнікі, на якой можна было б яго давезці. Няма. І, канешне ж, добра дубу, што няма.

Немцы здарожыліся, заглушылі матацыклы, і доўга моўчкі хадзілі каля Цар-Дуба, задзіралі галовы ўгору, захапляліся дрэвам. Потым яны фатаграфаваліся каля дрэва, выпівалі і закусвалі, а калі сабраліся ўжо ад’язджаць, то обер-лейтэнант, напаследак змерыўшы дрэва позіркам, сказаў:

– Толькі адно выйсце тут—пракласці сюды вузкакалейку ад Прыпяці, ці наадврот – ад дуба да ракі, і даставіць волата водным шляхам. Іншага выйсця няма.

5

Петрык крыху ведаў нямецкую мову, вучыў у школе, таму калі пачуў, што немцы быццам бы хочуць забраць да сябе гэтае магутнае дрэва, на якім ён сядзіць зараз, то ледзьве не зваліўся на зямлю. Бачыце, да чаго дадумаліся! Не-е, Цар-Дуб і самім трэба, дулю фрыцам. А дзе ж партызан Кавалькоў носіцца? Ці паспеў паведаміць у штаб? А калі паведаміў, то чаму ж тады яны паехалі такія задаволеныя! Эх, пальнуць бы па іх, каб больш на гэтае дрэва не замахваліся. Але нічога, нічога. Усяму свой час. Атрымаеце на сухары. Пертык нават і рады быў, што не дарэмна страху нацярпеўся: а няго ж, хіба так проста сядзець на дрэве, пад якім ходзяць немцы, ды яшчэ галовы задзіраюць, бы не дрэвам захапляюцца, а яго вышукваюць? Цяпер ён ведае, чаго прыязджалі сюды ворагі. Хутчэй да камандзіра, а то на партызана Кавалькова толькі спадзявайся!

Хлопчык злез нарэшце з дрэва і подбегам паімчаў па лесе—ён ведаў, куды. Хутчэй, хутчэй, хутчэй! Ага, хто гэта? Так і ёсць: партызан Кавалькоў. Партызан Кавалькоў ішоў не адзін –з партызанамі.

– Што, Пецька?– папытаў, наставіўшы на яго зацікаўленыя вочы, партызан Кавалькоў.

– Упусцілі,– Петрык, падалося, хлімкаў.–Паехалі...

– Нічога, нічога,– супакоіў партызан Кавалькоў.– Яны сваё атрымаюць. Ні сёння, дык заўтра.

– А чаго ж вы так марудна?

– Няблізкі свет...

– Няблізкі..Эх!

Пра тое, што немцы хочуць вывезці Цар-Дуб у Германію, Петрык вырашыў партызану Кавалькову не гаварыць: малы начальнік. Таму запатрабаваў, каб яму дазволілі пакінуць дазор, бо ёсць больш важная справа.

– Гавары мне,– загадаў партызан Кавалькаў.