Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 67

Васіль Ткачоў

– І дакасіць не дадуць, чэрці!..

А сам, забыўшыся пра нас, похапкам пачыкільгаў на свой двор, забег у хату і пачаў растаўляць табурэткі , хоць тыя стаялі, а не ляжалі, змахнуў хлебныя крошкі са стала ў шурпатую жменю і адразу ж пракаўтнуў іх, а тады паглядзеў на нас і гыркнуў:

– А вы чаго раты паразяўлялі і не дапамагаеце? Варушыцеся, маць вашу!..

А што яму дапамагаць – не кажа: зусім прапалі словы ў старога. Анямеў ад навіны. Ды і позна дапамагаць: Пятро з трафеямі ўжо на двары, праплыў перад акном. Дзед Грышка выпраміўся перад сынам, не дыхае і вокам не міргне. А Пятро грымнуў на ўсю хату:

– Бацька-а!

Паклаў скрутачак на ложак і згроб дзеда Грышку, заціснуў у абдымках, і на вачах абодвух мы бачым слёзы. Наглядзеліся мы слёз, гэтым нас не здзівіш.

– Вярнуўся, бацька...

– Касіў я... каса там... хлапцы, прынясіце... ага... – шаптаў дзед Грышка і шморгаў носам. -- Трава лезе на агарод, каб яе пранцы... Ну дык што ж мы стаім? Знаём з Зінкай.

Можна падумаць, што мы адразу ж і кінуліся за касой. Каму яна трэба сёння, каса тая? Не кожны дзень з вайны прыходзяць землякі, і нам карціць паглядзець на ордэны і медалі, што трэнькаюць на грудзях Пятра. Не менш – і на Зінку, пра якую дзед Грышка вушы ўсім пратрубіў. Дробненькая, нібы дзяўчо. Надзейка і тое вышэйшая . Але больш за ўсё нам хочацца зазірнуць у той скрутачак , які ў хаце супакоіўся, маўчыць і толькі зрэдчас варушыцца.

– Не маглі раней прыехаць, – тлумачыць Пятро і глядзіць на скрутачак.–- Зінка дачку нарадзіла. Таму ў горадзе пажылі крыху, у яе маці. Так што не крыўдуй за затрымку – такая сітуацыя, што не атрымлівалася. І раджаць трэба, і ехаць да цябе – у адзін час ўсё... супала так.

– Ты думаеш , я тут прапаў бы, – дзед Грышка харахорыцца, паказаў вачыма на нас. – Хлапцы вось , калі трэба, і вады прынясуць, і торфам забяспечылі. І так пасядзяць у хаце са мной. Пра жыццё пагамонім. А як жа. Іншы раз папрашу, каб і пісьмо ад цябе прачыталі. Прачытаюць. Па першаму закліку.

Я спалохаўся: а калі ён успомніць яшчэ пра запалкі? Во будзе сарамацця перад салдатам – на ўвесь белы свет. Але добра, што дзед Грышка прамаўчаў. Ці ў яго памяці няма, ці не пажадаў нас выдаваць. Хоць, калі разабрацца, мы ж для яго стараліся. Адным словам, малайчына.

Пятро ж пахваліў нас, а тады пачаставаў цукеркамі і даў па камяку цукру. Цукеркі мы з’елі адразу , а цукар рашылі аднесці дамоў – будзе цяпер з чым чай піць. Калі патрохі адкусваць – надоўга хопіць.

І яшчэ Пятро даў нам вялікую бліскучую капейку, на якую, сказаў, што хочаце, тое і бярыце ў краме.

Неўзабаве ў хату набілася багата людзей. Лізавета, канешне ж, першая прыбегла, за ёй Варка, а тады прыйшлі і мужчыны, сярод іх быў Тамаш. Ён абняў Пятра і заплакаў. Нічога не сказаў. А Лізавета прыгадала бабку Антосю і пашкадавала, што тая не дажыла да гэтага шчаслівага дня. Во рада была б. Мы гэта і самі ведаем. Але гаворыць і няхай гаворыць. Нешта ж трэба, мусіць, ім і гаварыць, цёткам ды дзядзькам. Не ўвесь жа час плакаць. Хопіць, наплакаліся.