Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 66

Васіль Ткачоў

А што тут расказваць? Секануў Кастусь па кусту сякерай з усяго размаху – і грымнуў выбух, скалануў наваколле...

– Значыць, міна ... – здагадаўся дзядзька Хвядос. – Наша ці нямецкая – цяпер ужо ўсё роўна, аднак танкіста шкада: на вайне ўцалеў, а дома, у мірны час, не ўбярогся. Лёс такі, значыць, у чалавека. Знявечыла хлапца міна. Пальцы паадрывала. Твар пакрэмсала. Жывот распарола. Але жыць будзе.

Не помню, колькі часу мінула, калі мы з танкістам на балота па дровы ездзілі, аднак Раіса сказала, што ўчора хадзіла да Кастуся і ён перадае мне прывітанне. Выкарабкаўся, адкараскаўся ад смерці. Жывучы Кастусь, нічога не скажаш, бо як успомню, які быў адразу пасля выбуху – мне і сёння робіцца жудасна і застаецца толькі здзіўляцца, што дактары змаглі выратаваць яго. А калі ён такі жывучы, то і добра: будзе і ў нашай Гуце свой гарманіст, не горшы за ісканскага Аркашку. Абяцаў жа граць на Грышкавай прызбе. «Вось толькі Сцёпка падрасце!» Можа, і мне збегаць да яго? З Петрыкам? Танкісту весялей будзе. Лекі лекамі, але і мы нешта значым. Дзядзька Хвядос даведаўся, што мы пойдзем праведаць Кастуся, і таксама ўвязаўся за намі. Яшчэ і напомніў:

– Не забудзьцеся ж, жэўжыкі, мяне.

– Не забудзем, – паабяцаў я, а самому радасна зрабілася: яшчэ больш абрадуецца, канешне ж, танкіст, калі ўсіх нас ён убачыць.

Дзед Грышка пашкадаваў, што не даклыпае да бальніцы, аднак прывітанне перадаў.

Без дзеда Грышкі ў нашай Гуце , здаецца, нічога не бывае.

Доктар дазволіў прайсці ў палату. Кастусь як толькі ўбачыў нас, пастараўся ўсміхнуцца:

– Прывітанне, пяхота...

Каб ён не нагадаў нам пра пяхоту, я б ні за што не паверыў, што пад бялюткай коўдрай ляжыць танксіт. Уся галава забінтавана, толькі вочы ды рот...

Не адразу адказаў на прывітанне яму і дзядзька Хвядос – таксама, відаць, думаў: Кастусь гэта ці хто?

Праклятая міна!

А мне яшчэ падумалася, толькі я пра гэта нікому не сказаў: за такога Кастуся , які ляжаў на бальнічным ложку , Раіса ніколі б замуж не пайшла.

Ад гэтага мне яшчэ больш зрабілася яго шкада.

І не толькі, відаць, мне...

10. ДВА ТРАФЕІІ

Дзед Грышка касіў у канцы агарода траву, а ў той самы час каля нашай хаты і з’явіўся ягоны сын Пятро. У такой жа форме, у якой прыйшоў тады з вайны дзядзька Хвядос, у адной руцэ ён трымаў туга набіты рэчавы мяшок, а ў другой пісклявы зграбны скрутачак – нёс дзіця. Дзед Грышка яшчэ даўно хваліўся: «Мой Пецька без трафею дамой не вернецца. Ён такі. Разумець трэба». Вось мы з Петрыкам і разумеем: маленькая і худзенькая жанчына, што ідзе побач з Пятром і раз-пораз заглядвае, не прыпыняючы хады, у той скрутачак, нешта папраўляе там і гаворыць немаўляці, – гэта асноўны трафей. А што ў скрутку пісклявае – другі. Так што дзед Грышка пралічыўся – не з адным трафеем вяртаецца з вайны сын, а з двума. І мы, толькі ўбачыўшы Пятра і ягоныя трафеі, шуганулі напрасткі праз агароды, каб паведаміць старому, што нарэшце ён дачакаўся, каго чакаў. Дзед Грышка выслухаў нас, а тады спакойна, нібыта кожны дзень такое бывае ў яго, сказаў, уторкнуўшы з усяго размаху кассё у дол: